У горадзе сфарміравана і функцыянуе сетка ўстаноў культуры, якая ўключае ў сябе 11 устаноў дзяржаўнай сістэмы, 2 клубы і 2 бібліятэкі прафсаюзнай сістэмы.

Установа культуры «Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г. Бабруйска» ўключае 10 бібліятэк, у тым ліку аддзел па абслугоўванні інвалідаў па зроку і пажылых людзей. Штогод бібліятэкі ўстановы абслугоўваюць звыш 47 тысяч карыстальнікаў. Сукупны ўніверсальны фонд складае больш за 410 тысяч экзэмпляраў дакументаў. У бібліятэках сістэмы арганізаваны свабодны доступ да інфармацыйных рэсурсаў – электроннага каталога ўстановы, базы даных прававой інфармацыі Нацыянальнага цэнтра заканадаўчай і прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

У горадзе функцыянуюць два музеі ДУК «Бабруйскі мастацкі музей» і УК «Бабруйскі краязнаўчы музей». Музейны фонд горада складае 20285 адзінак асноўнага фонду. На працягу 2024 года музеямі арганізаваны і праведзены 53 выставы, асноўны фонд мастацкага музея павялічыўся на 15 мастацкіх твораў, краязнаўчага музея на 101 адзінку захоўвання.

У 3 дзіцячых школах мастацтваў горада навучаюцца больш за 2000 навучэнцаў. Тэрмін навучання ў школах пяць і сем гадоў. У школах створаны і паспяхова ажыццяўляюць сваю дзейнасць 69 творчых калектываў, з якіх 17 з найменнямі «ўзорны»«народны».

У 4 установах клубнага тыпу функцыянуюць 85 фарміраванняў (1811 удзельнікаў), з іх 19 фарміраванняў з найменнямі «Заслужаны»«народны» і «ўзорны».

У 2024 годзе ўстановамі культуры клубнага тыпу праведзена 1387 мерапрыемстваў, якія наведалі 350 922 чалавек.

У аддзеле традыцыйнага мастацтва і рамёстваў ДУК «Палац мастацтваў г.Бабруйска» вядзецца картатэка майстроў – членаў Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці (22 майстры з Бабруйска), а таксама банк даных рамеснікаў (234 чалавекі) і самадзейных мастакоў (44 чалавекі).

Народныя ўмельцы і майстры працуюць па 30 напрамках. Дзейнасць па захаванні і папулярызацыі народных промыслаў і рамёстваў ажыццяўляецца з дапамогай выставачнай дзейнасці майстроў народнай творчасці і правядзення майстар-класаў па розных напрамках.

Развіццю міжнародных адносін у сферы культуры садзейнічаюць праводзімыя ў горадзе на Бярэзіне форумы. 

Міжнародны фестываль народнай творчасці «Вянок дружбы» – буйнамаштабны міжнародны і доўгатэрміновы культурны праект, праводзіцца ў горадзе Бабруйску з 2003 года. Фестываль стаў візітнай карткай горада Бабруйска. За гады правядзення аб'яднаў пад дэвізам сяброўства больш за 8500 чалавек з 46 краін 5 кантынентаў. У XVII Міжнародным фестывалі народнай творчасці «Вянок дружбы» ў 2024 годзе прынялі ўдзел 24 калектывы з 11 краін. 

Горад Бабруйск з'яўляецца творчай пляцоўкай для правядзення Міжнароднага пленэру па кераміцы «АРТ-Жыжаль», які аб'яднаў за 20 гадоў правядзення прафесійных мастакоў - керамістаў з 24 краін. У фондах ДУК «Бабруйскі краязнаўчы музей» сабраны лепшыя работы па выніках правядзення кожнага пленэру.

Яшчэ адным яскравым форумам, накіраваным на папулярызацыю творчасці беларускіх аўтараў, айчыннай сучаснай і класічнай драматургіі, з'яўляецца Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя Дуніна-Марцінкевіча. У 2024 годзе на фестывалі былі прадстаўлены 11 пастановак найлепшых тэатраў нашай краіны.

Штогод установы культуры з'яўляюцца арганізатарамі правядзення Рэспубліканскіх конкурсаў: мастацтваў «Толькі.ВY», піяністаў імя У.У.Алоўнікава, вакальна-харавой творчасці «У кожнай песні-сонейка». У рамках правядзення гэтых конкурсаў у дзіцячых школах мастацтваў праводзяцца сустрэчы, майстар-класы з вядучымі дзеячамі мастацтваў нашай краіны.