Міжнародны фестываль народнай творчасці «Вянок дружбы» традыцыйна праходзіць на Магілёўшчыне ў горадзе Бабруйску. У гэтага свята ёсць свая гісторыя.

У яркую палітру фестывалю першыя фарбы былі пакладзены ў 1996 годзе. Менавіта тады адбыўся фестываль аўтэнтычнага фальклору Беларускага Прыдняпроўя, у якім прыняла ўдзел каля 30 аўтэнтычных ансамбляў з Беларусі і Украіны, з колькасцю ўдзельнікаў да 500 чалавек.
У наступныя гады пашырылася не толькі геаграфія фестывалю, але і яго змест, напаўненне. З 2003 года сталіцай фестывалю «Вянок дружбы» стаў шматнацыянальны Бабруйск.
За трынаццацігадовую гісторыю фестывалю (2003-2015 гады) яго ўдзельнікамі сталі творчыя калектывы з Аўстрыі, Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Венесуэлы, Ганы, Германіі, Грузіі, Ізраіля, Індыі, Ірана, Іспаніі, Казахстана, Кыргызстана, Кітая, Кіпра, Калумбіі, Кубы, Латвіі, Літвы, Малдовы, Мексікі, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Румыніі, Сербіі, Славакіі, ЗША, Турцыі, Украіны, Францыі, Чарнагорыі, Швецыі і Эстоніі.
У рамках праграмы фестывалю калектывы прымаюць удзел ва ўрачыстым адкрыцці і закрыцці фестывалю, у святочным тэатралізаваным шэсці па вуліцах горада, у канцэртах і творчых сустрэчах на прадпрыемствах горада і ў аграгарадках, у выставе-прэзентацыі нацыянальнага сувеніра, выставе-конкурсе «Вянок як сімвал фестывалю - у падарунак фестывалю», у вечарыне дружбы з прэзентацыяй нацыянальных пачастункаў; удзельнікі фестывалю знаёмяцца з гісторыяй горада.
Вянок дружбы ўжо аб'яднаў 38 краін, 245 калектываў і больш за 8 тысяч удзельнікаў з 5 кантынентаў.


