Бабруйск - горад абласнога падпарадкавання, другі па колькасці насельніцтва ў Магілёўскай вобласці, цэнтр Бабруйскага раёна.
Геаграфічнае становішча: Бабруйск і Бабруйскі раён знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы Магілёўскай вобласці, за 110 км ад абласнога цэнтра, за 150 км ад Мінска. Раён мяжуе з Рагачоўскім, Светлагорскім, Жлобінскім раёнамі Гомельскай вобласці, Глускім, Асіповіцкім, Кіраўскім раёнамі Магілёўскай вобласці.
Рэльеф: паўзакрытая раўніна (Цэнтральна-Бярэзінская), месцамі малаўзгорыстая, зрэзаная густой сеткай рэк і асушальных каналаў, сярэдняя вышыня – 165 м над узроўнем мора
Карысныя выкапні: ападкавага паходжання: гліна, будаўнічыя пяскі, торф, сапрапель. Маецца крыніца мінеральнай вады.
Клімат: умерана-кантынентальны. Сярэдняя тэмпература студзеня - -6,8 С, ліпеня - + 18 С. Ападкаў выпадае ў сярэднім 600 мм у год.
Расліннасць: раён размешчаны ў зоне змешаных лясоў (38% тэрыторыі занята ляснымі масівамі). Расліннасць драўняная, лугавая (больш за 200 відаў травяністых раслін), балотная.
Фауна: каля 300 відаў пазваночных жывёл: больш за 40 відаў млекакормячых (найбольш распаўсюджаныя бабры, ваўкі, лісы зайцы, казулі), да 200 відаў птушак, больш за 30 відаў рыб, каля 20 відаў паўзуноў і земнаводных. Рэдкія і знікаючыя віды: пугач, зімародак звычайны, аўсянка садовая, барсук, рысь еўрапейская, соня садовая і інш.
Прыродаахоўныя аб'екты: 13 гідралагічных заказнікаў, 2 ландшафтныя заказнікі, 3 батанічныя помнікi прыроды. На тэрыторыі горада размешчаны: батанічны помнік прыроды мясцовага значэння «Бабруйскі дуб-волат», геалагічны помнік прыроды мясцовага значэння «Лукавая гара».
Насельніцтва горада : 208,611 тыс. чалавек (на 01.01.2023).
Тэрытарыяльна горад Бабруйск падзелены на 2 раёны: Ленінскі і Першамайскі.
Герб горада Бабруйска ўяўляе сабой малюнак у сярэбраным полі французскага шчыта вертыкальнай карабельнай мачты з двума складзенымі накрыж дрэвамі натуральнага колеру.

Сцяг горада Бабруйска ўяўляе сабой прамавугольнае палотнішча белага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога – выява герба горада Бабруйска.