З 2003 года ў Бабруйску праходзяць Міжнародныя пленэры па кераміцы «АРТ-Жыжаль», назва якіх звязана з імем бога падземнага агню Жыжаль у беларускай народнай міфалогіі. Перш штогадовы, з 2017 года «АРТ-Жыжаль» праводзіцца ў фармаце біенале (адзін раз у два гады - Заўв.).

За гады правядзення  «АРТ-Жыжаля» ў пленэрах па кераміцы прынялі ўдзел  больш за 160  мастакоў з 27 краін: Азербайджана, Беларусі, Балгарыі, Бразіліі,  Грузіі, Вялікабрытаніі, Венесуэлы, Германіі,  Егіпта,  Індыі, Ірландыі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Перу, Польшчы, Расіі, Румыніі, Сербіі, Славакіі, ЗША, Турцыі, Украіны, Францыі, Эстоніі, Японіі. 

Удзельнікі пленэру ў сваіх творчых працах дэманструюць разнастайнасць тэхналагічных працэсаў пры вырабе керамічных вырабаў, дыяпазон пластычных уласцівасцяў гліністых матэрыялаў, рэльефных, фактурных, каляровых, графічных спосабаў апрацоўкі паверхні дэкаратыўных форм і спалучэнне розных спосабаў абпалаў. 

Керамісты працуюць па індывідуальных планах у адпаведнасці з канцэпцыяй пленэру.  Акрамя гэтага ў перыяд правядзення пленэру праходзяць штодзённыя інфармацыйна-прэзентацыйныя мерапрыемствы, на якіх удзельнікі пленэру прадстаўляюць сваю творчасць, расказваюць пра асаблівасці мастацтва керамікі свайго рэгіёну, пра мастацкія праекты, удзельнікамі якіх яны з'яўляліся.  У адзін з апошніх вечароў пленэру  праходзіць шоу-абпал «Вогненная скульптура».

На памяць аб пленэры ў Бабруйску застаюцца ўнікальныя скульптуры. Па ўмовах творчага форума кожны мастак перадае сваю найлепшую працу ў фонд Бабруйскага мастацкага музея. І яшчэ адну дорыць гораду - яе размяшчаюць у якім-небудзь сацыяльна-культурным інтэр'еры, каб яна нагадвала ўсім, што Бабруйск менавіта той горад, дзе жыве дух агню.

 

Спецыяльны рэпартаж: Творчы агонь «АРТ-Жыжаля»