Сённяшняе аблічча нашага горада гарманічна спалучае ў сабе строгасць і манументальнасць сучасных шматпавярховых будынкаў з непаўторным каларытам старога дарэвалюцыйнага Бабруйска. Утульныя цагляныя асабнякі і драўляныя будынкі складаюць толькі малую частку багатай і разнастайнай гісторыка-культурнай спадчыны. Яна налічвае 179 помнікаў архітэктуры, 20 помнікаў мастацтва, 63 помнікі гісторыі, 15 мемарыяльных дошак. У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь занесена 14 помнікаў. Галоўнае месца сярод іх па вартасці займае Бабруйская крэпасць - гістарычны цэнтр горада, унікальны твор абарончай архітэктуры першай паловы XIX стагоддзя. 

У гісторыка-культурнай спадчыне Бабруйска вядучая роля належыць яго выдатным архітэктурным ансамблям. У іх сабраны помнікі розных эпох і стыляў, у якіх знайшла сваё адлюстраванне складаная гісторыя горада. 

Асноўная забудова цаглянымі дамамі цэнтральных вуліц горада Бабруйска ажыццяўлялася ў канцы XIX - пачатку XX стагоддзяў. Менавіта тады актыўна вялося будаўніцтва дамоў і добраўпарадкаванне вуліц Мураўёўскай (Сацыялістычнай) і Адамаўскай (Камсамольскай), Пушкінскай (Пушкіна) і Раманаўскай (Савецкай). 

Прадукцыя бабруйскіх цагляных заводаў (да рэвалюцыі іх было 3: братоў Лазінскіх, Пружыніных, Розенберга) карысталася вялікім попытам у Расійскай імперыі. З бабруйскай цэглы былі пабудаваны Бабруйская крэпасць, жылыя дамы на Слуцкім і Менскім фарштатах, гасцініца «Бярэзіна і Еўрапейская» (1897 г.). Гліну для вытворчасці цэглы здабывалі побач з заводамі, у кар'ерах. 

Будынкі цэнтра горада былі пабудаваны ў стылі «мадэрн» і «эклектыка». Дарэвалюцыйны Бабруйск вылучаўся сярод іншых гарадоў Беларусі строгасцю і арыгінальнасцю жылых і адміністрацыйных будынкаў. Сведкамі своеасаблівай архітэктурнай забудовы горада на Бярэзіне з’яўляюцца будынкі: асабняк пабудовы 1912 года па вуліцы Пушкіна, 211; будынкі пабудовы пачатку XX стагоддзя па вуліцы Савецкай, 77 і 79; будынкі, пабудаваныя ў 1900 і 1912 гадах і размешчаныя па вуліцы Пушкіна, 136 і 183; асабняк пабудовы 1910 года. Часам помнікі гісторыі і культуры называюць нямымі сведкамі гісторыі. Яны не проста сведкі, а ўдзельнікі падзей, якія могуць расказаць пра многае ...