Мяняліся мода, традыцыі, танцы. Але адно заставалася нязменным: самае галоўнае для балю, ды і для танцаў у цэлым - гэта ўзаемаадносіны мужчыны і жанчыны. Радасць, пяшчота, каханне, якія адчуваюць мужчына і жанчына адзін да аднаго, - якасці, якія кіравалі людзьмі пры стварэнні баляў ва ўсе часы. 8 студзеня яркім акордам рэспубліканскай акцыі «Ад усёй душы» і стаў такі баль у Палацы мастацтваў горада.

Асноўны абавязак кавалера на балі - усяляк забаўляць сваю даму, рабіць усё для таго, каб у яе быў добры настрой і было цікава на балі. А асноўны «доўг» дамы - быць прыгожай і чароўнай. Удзельнікі такога бліскучага мерапрыемства, здаецца, з задачай справіліся. Акрамя таго, іх падтрымлівалі самыя адданыя гледачы - блізкія і родныя, якія старанна фіксавалі момант на тэлефоны.

Пара Шчарбіных танчыць разам больш за сорак гадоў. Яны адзначылі ўжо рубінавае вяселле, але запал у вачах сцірае ўзрост і выносіць у рытме вальса ў юныя гады. Сяргей Юр'евіч і Святлана Іванаўна любяць любыя танцы і лічаць, што для сямейнай пары гэта карыснае і найважнейшае хобі: «Танцуюць і нашы дзеці, і ўнукі. У гэтым годзе ў нас ужо другі баль, мінулы быў 4 студзеня», – падзялілася Святлана Іванаўна.

Да таго як грымнула музыка, выступоўцы крыху нерваваліся. Мужчынам дапамагалі расправіць гальштукі, а жанчыны напрыканцы папраўлялі румяны і памаду, гледзячыся ў люстэрка.

Хваляванне знікла пасля першага ж паланэза. Пары вальсіравалі, выконвалі пасадобль, падэграс, а праз некалькі кампазіцый запрашалі ўсіх жадаючых з залы выканаць народны танец маразульку. Былі і музычныя паўзы – спявалі рускія рамансы, якія так спрытна ўпісаліся ў бляск і вытанчанасць балю.

У свяце прынялі ўдзел клуб бальных і гісторыка-бытавых танцаў «Сябрына», вакальны ансамбль «Акцэнт», узорная харэаграфічная студыя «Бабраня», рамансавыя вакалісты народнага ансамбля лірычнай песні «Натхненне», навучэнцы і педагогі ДШМ №2 г. У.У. Алоўнікава. 

Канстанцін Мельнік і Юлія Багдановіч, кіраўнікі «Сябрыны», рыхтавалі танцораў, рэпетавалі з імі каля трох месяцаў і рады бачыць поспехі вучняў на выніковым мерапрыемстве. Юлія і Канстанцін - прафесіяналы ў бальнай справе. У размове дзеляцца, што ў працэсе рэпетыцый ім перадаецца магутная энергетыка, бо менавіта танец - гэта тое, што аб'ядноўвае ўсіх удзельнікаў, дорыць ім радасць і маладосць, лёгкасць і ўпэўненасць: «Мы займаемся не толькі з прадстаўнікамі элегантнага ўзросту, у нас ёсць і 17 -гадовая вучаніца, і 14-гадовы танцор», - расказалі кіраўнікі.

Цікавы факт: госці маглі даведацца, колькі працягнецца баль, паглядзеўшы на даўжыню свечак - чым яны даўжэй, тым даўжэй будзе асвятляцца памяшканне (у сярэднім гэта 4-6 гадзін). Наведванне баляў было звязана з вялікімі расходамі. Кошты на сукенку ў часы Расійскай імперыі пачыналіся ад 600 рублёў - гэта два гадавыя заробкі сярэдняга сталічнага працоўнага.

ФОТАФАКТ 

Фота  Віктара Шэйкіна

Па матэрыялах БЖ

Поделиться