У рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Цуды на Каляды» юныя актывісты горада наведалі Бабруйскую школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннем слыху. У важкіх пакетах усё, што трэба для шчасця хлапчукам і дзяўчынкам: цацкі, матэрыялы для творчасці, яркая канцылярыя, настольныя гульні, пазлы і многае іншае.

– У нас існуе такая традыцыя: мы кожныя Каляды наведваем гэту школу і дорым радасць сваімі падарункамі. У акцыі прыняла ўдзел кожная школа Бабруйска, усе збіралі прэзенты, пасля перадалі ў гарадскі савет. А рабяты з дзіцячай палаты сёння выступілі парламенцёрамі, якія ўручылі падарунак ад сваёй установы адукацыі, - падзялілася Святлана Паўленіна, старшыня ГС ГА «БРПА».

Выхаванцы школы-інтэрната не засталіся ў даўгу і правялі сапраўдны майстар-клас па лепцы з гліны. Дзеці прадэманстравалі свае ўменні і ў сяброўскай абстаноўцы змайстравалі памятныя сувеніры - калядныя званочкі. Сумесная работа ператварылася ў сімвал яднання і дабра.

Фінальным акордам цёплага прыёму стаў захапляльны спектакль «Бураціна».У казачную атмасферу прысутных пагрузілі вядомыя героі, абыякавым не застаўся ніхто. Акцёры змаглі перадаць усю гаму эмоцый не толькі рэплікамі, але і жэстамі.

Юлія Вернер, фота Віктара Шэйкіна.

ФОТАФАКТ

Па матэрыялах БЖ

Поделиться