Аўтапрабег «Залпы Перамогі» - гэта ўдзячная памяць героям Вялікай Айчыннай вайны. Кожны з тых, хто штодзень уступаў у бой з жорсткім ворагам і працаваў у тыле, дапамагаючы франтавікам, ведаў, што павінен абараняць сваіх блізкіх і Радзіму, верыў і набліжаў Перамогу. 12-ы раз бабруйчане сталі ўдзельнікамі маштабнага мерапрыемства: больш за 500 аўтамабіляў і матацыклаў, упрыгожаных святочнай сімволікай, сабраліся на пляцоўцы ля «Бабруйск-Арэны», каля 3 тысяч чалавек падтрымалі ініцыятыву аўтапрабегу.

- З кожным годам усё больш людзей бяруць удзел у мерапрыемстве. Тэматыка Дня Перамогі вельмі падабаецца нашым бабруйчанам. Прыехалі са сцягамі, атрыбутыкай, пануе святочная атмасфера, - адзначыў адзін з арганізатараў аўтапрабегу Аляксандр Алененка. - У мяне ваяваў прадзед, мой дзядуля перажыў блакаду. Мы шануем людзей, якія падарылі нам мірнае неба. Гэтае свята заўсёды ў нашых сэрцах.

Удзельнікі падышлі з фантазіяй і выдумкай да ўпрыгожвання сваіх аўто. Ваенныя і пераможныя вобразы стваралі з дапамогай флагаў і паветраных шароў, камуфляжнай тканіны, муляжаў узбраення і ваеннай формы. Асабліва выдзяляліся аўтамабілі з макетам самалёта, савецкія мадэлі, з партрэтамі франтавікоў, у выглядзе ваеннай тэхнікі. На пляцоўцы дзеці з бацькамі, моладзь, старэйшае пакаленне - усім было цікава. Некаторыя творчыя кампазіцыі прадумвалі ўсёй сям'ёй і вельмі радаваліся, калі на фоне менавіта іх машыны фатаграфаваліся.



Бабруйчане Вольга і Аляксандр Калодкіны расказалі, што не першы раз прымаюць удзел у аўтапрабегу. У гэты год 80-годдзі Перамогі таксама далучыліся да маштабнай акцыі ў памяць аб бацьках і прадзедах. Іх аўтамабіль «Патрыёт», упрыгожаны салдацкай пілоткай і Вечным агнём, прыцягваў увагу гледачоў. «Мы павінны берагчы і шанаваць нашу гістарычную памяць. Каб годна выхоўваць моладзь, сваімі паводзінамі трэба паказваць прыклад. Усе традыцыі, усё станоўчае, што робім і да чаго імкнемся, павінны перадаваць дзецям. Вельмі прыемна ўдзельнічаць у аўтапрабегу, настрой святочны, - падзяліліся муж і жонка. - Віншуем усіх з Вялікай Перамогай! Нізкі паклон землякам і братам савецкіх рэспублік, якія ўнеслі ўклад у мірную будучыню. Мы шануем і памятаем іх подзвігі».

У конкурсе на найлепшы тэматычны аўтамабіль выбралі трох пераможцаў і ўручылі падарункі. Сярод прызёраў – Аляксандр Карасёў, які разам з сябрамі зрабіў аўтамабіль у выглядзе легендарнага танка Т-34: «Кожны год удзельнічаем у аўтапрабегу ў гонар вызваліцеляў. Дзень Перамогі - гэта гонар за нашых дзядоў і прадзедаў. Шануем гэта свята і памятаем герояў».
Да аўтапрабегу далучыўся нават аўтобус Бабруйскага аўтапарка №2. Актыўная і ініцыятыўная вадзіцель Марыя Нячаева загадзя маляўніча аформіла кабіну і салон да даты 80-годдзя Перамогі: «Старалася спецыяльна для пасажыраў, каб яны на працягу святочнага тыдня ехалі на працу, па сваіх справах і адчувалі атмасферу Дня Перамогі на працягу ўсяго шляху. У аўтапрабегу я ўдзельнічала раней на сваёй машыне. На гэты раз прыйшла ідэя задзейнічаць аўтобус, на якім працую на гарадскім маршруце, і кіраўніцтва аўтапарка дазволіла ўдзел у мерапрыемстве. Для мяне 9 Мая - памятная дата. Родныя расказвалі пра вайну, дзе ўдзельнічалі мае прадзеды. Мы заўсёды ў сям'і ўзгадваем іх, святкуючы Дзень Перамогі».

Удзельнікі аўтапрабегу каля Свята-Георгіеўскага храма выпусцілі ў неба белых галубоў як сімвал міру, спакою і дабра. Пад мелодыі ваенных песень уражваючая колькасцю транспарту аўтакалона праехала да вёскі Сычкава, дзе ўсклалі кветкі да мемарыяльнага комплексу «Курган Славы» ў гонар савецкіх воінаў і партызан. Хвіліна маўчання, залпы дзённага салюту ў чырвоных танах, сумеснае выкананне ваенна-патрыятычных песень – даніна павагі і ўдзячнасці за Вялікую Перамогу.



Маргарыта Бушуева, фота Віктара Чабана, bobrlife.by