9 Мая адзначаецца 80 гадоў з дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, якая доўжылася 1418 дзён і начэй. Дзень Перамогі - свята, здабытае ў цяжкіх баях за свабоду і незалежнасць Радзімы. Гэта дзень памяці, глыбокай пашаны і падзякі ўсім, хто набліжаў Вялікую Перамогу.
У Беларусі памяць аб Вялікай Айчыннай вайне захоўваецца на працягу ўсіх пасляваенных гадоў. У летапісе нашай краіны не было бітвы больш жорсткай, чым Вялікая Айчынная вайна, не было подзвігу больш значнага, чым подзвіг савецкага салдата, які абараніў Радзіму ад ворага, які выратаваў чалавецтва ад нацызму. Памяць аб страшнай вайне і Вялікай Перамозе не можа згаснуць: яна навечна ўпісана ў гісторыю Айчыны і кожнай беларускай сям'і. Перажытая трагедыя і дасягнутая Перамога – вечная крыніца болю і горычы, гонару і славы беларускага народа.
Раніцай 9 мая па традыцыі адбылося ўскладанне вянкоў і кветак кіраўніцтвам Бабруйска, прадстаўнікамі працоўных калектываў, моладдзю і грамадскасцю да брацкай магілы савецкіх воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў 1941–1945 гг., на вуліцы Мінскай. У капліцы абраза Божай Маці «Усіх Гаротных Радасць» запалілі свечкі і памаліліся за тых, хто загінуў у імя міру. Пасля чаго ўдзельнікі рэспубліканскай патрыятычнай акцыі «Беларусь памятае » і святочная калона ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, кіраўніцтва горада, прадстаўнікоў працоўных калектываў, моладзі і грамадскасці прайшлі да плошчы Перамогі. Сотні бабруйчан неслі партрэты сваіх дзядоў і прадзедаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, за кожным з якіх - гісторыя подзвігу і мужнасці.











– Гэта два мае дзеды – Іван Трафімавіч Сердзюкоў і Іван Емяльянавіч Казлоў. Яны абодва родам з Омскай вобласці, прайшлі ўсю вайну і заваявалі нашу Перамогу. Вядома, было шмат раненняў і кантузій. Пасля вайны шмат працавалі. Мы заўсёды іх памятаем. Яны заўжды з намі. Дзякуй ім вялікі за блакітнае неба, сонца, за тое, што ў нас растуць унукі, праўнукі. Нізкі ім паклон! – падзялілася бабруйчанка Наталля Фарафанава.

На плошчы Перамогі адбылося традыцыйнае ўскладанне кветак і вянкоў да помніка-танка ў гонар бабруйчан, якія загінулі на франтах і ў тыле ворага ў гады вайны. На мітынгу да 80-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне з прывітальным словам выступіў старшыня Бабруйскага гарвыканкама Ігар Кісель:
- Дарагія ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, паважаныя жыхары і госці нашага горада! Сёння, у гэты святы для кожнага з нас дзень, мы сабраліся тут, каб аддаць даніну глыбокай павагі і памяці ўсім, хто абараніў свабоду і незалежнасць нашай Радзімы.

80 гадоў аддзяляюць нас ад вайны, якая прынесла страшныя пакуты і страты нашаму народу, але ў той жа час паказала ўстойлівасць, сілу духу і гераізм савецкага чалавека. Наш горад - жывая памяць аб той страшнай вайне. Ён прайшоў праз агонь і боль. Тры гады акупацыі, канцлагеры, разбураныя вуліцы, спаленыя дамы… Але ён выстаяў дзякуючы мужнасці яго абаронцаў, партызан, падпольшчыкаў і мірных жыхароў, якія набліжалі Перамогу кожным сваім крокам, кожнай кропляй працы і крыві. Іх імёны назаўжды ўпісаны ў летапіс нашых горада і краіны. Іх перамогі, подзвіг - гэта аснова нашых міру і дабрабыту. І мы ведаем: перамога - гэта не толькі мінулае, гэта аснова нашай сучаснасці і будучыні.
Сёння, у гэты ўрачысты дзень, мы выказваем глыбокую падзяку ўсім ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія жывуць сярод нас. Вашы мужнасць, стойкасць, вопыт - гэта бясцэнная спадчына, якую мы беражліва захоўваем. Вы - жывыя сімвалы Перамогі, і ваша прысутнасць тут, сярод нас, асабліва каштоўная ў гэты дзень. Мы нізка схіляем галовы перад вашым подзвігам. Дзякуй вам за перамогу!

Хачу звярнуцца да ўсіх бабруйчан. Сёння, калі свет сутыкаецца з новымі выклікамі, асабліва важна памятаць урокі гісторыі, берагчы мір і згоду, умацоўваць адзінства нашага грамадства. Мы павінны выхоўваць у маладым пакаленні пачуцці патрыятызму, павагі да гісторыі і нецярпімасці да любых праяў фашызму. Мы павінны захоўваць гэту памяць і перадаваць яе з пакалення ў пакаленне.
Дарагія сябры, няхай Дзень Перамогі заўсёды нагадвае нам пра тое, якім коштам заваяваны мір, натхняе нас на добрыя справы, імкненне да міру і згоды! Жадаю вам міру, дабрыні, адзінства і веры ў тое, што мы - моцны і незалежны беларускі народ. Са святам! З Днём Вялікай Перамогі!

У памяць аб подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны была аб'яўлена агульнанацыянальная хвіліна маўчання.

Ветэранам, якія ў гэты святочны дзень прысутнічалі на ўрачыстым мітынгу, уручылі юбілейныя медалі «80 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.». Асаблівую атмасферу святочнаму мітынгу надалі выступленні творчых калектываў горада і ўрачысты марш з удзелам войск Бабруйскага гарнізона, МНС, міліцыі, патрыятычных і кадэцкіх класаў пад музычнае суправаджэнне духавога аркестра 147-га зенітнага ракетнага палка. Пасля мітынгу на плошчы Перамогі прайшоў канцэрт «Жывыя загінуўшым абавязаны вечна» з удзелам калектываў мастацкай творчасці Бабруйска.







Людміла Любімцава, фота Аляксандра Анташкевіча