Напярэдадні 90-годдзя бабруйчанін Валянцін Пухоўскі выканаў свой грамадзянскі абавязак, прыйшоўшы на ўчастак для галасавання. Ён зрабіў выбар за мірную Беларусь і спакойную будучыню для сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў. Ветэран працы расказаў нам пра жыццёвы шлях, у якім было ўсё: ваеннае дзяцінства, мірныя працоўныя будні, радасці і гароты…

Валянцін Паўлавіч нарадзіўся 25 студзеня 1935 года ў вёсцы Палянкі Бабруйскага раёна. У часы калектывізацыі разам з бацькамі перасяліўся ў вёску Мальева. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яму было 6 год. Наш герой успамінае сваю першую сустрэчу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якая адклалася ў яго памяці на ўсё жыццё.
- Я з рабятамі гуляў на вуліцы. Раптам бачу, як на даляглядзе з'явіўся нямецкі аўтамабіль-амфібія. Спыніліся каля мяне. Немец выйшаў з машыны і спытаў на рускай мове, ці ёсць войскі ў нашай мясцовасці. Я адказаў, што не, тры дні таму сышлі. А на наступны дзень з самай раніцы да нас сталі сцягвацца нямецкія эшалоны, - успамінае Валянцін Паўлавіч.
За гады вайны яго сям'і даводзілася не раз перасяляцца ў навакольныя вёскі. Бывала, што падоўгу сядзелі ў акопах. Бацька нашага героя дапамагаў партызанам. Даводзілася жыць у пастаянным страху за сваё жыццё і блізкіх, бо за сувязь з партызанамі чакала суровае пакаранне... Гэта былі галодныя гады. Узімку дзеці выходзілі на калгаснае поле і збіралі гнілую бульбу, улетку было трохі лягчэй - можна было рабіць аладкі з расліннасці, дапамагаў і лес, дзе сабралі грыбы і ягады. Пасля заканчэння вайны Валя пайшоў у першы клас. Кожны дзень даводзілася пераадольваць шлях да школы за 4 км пешшу.
- У 1950 годзе да нас прыязджалі тапографы - рабілі карту мясцовасці, там быў адзначаны нават кожны тэлефонны слуп. Ім патрэбны былі рэечнікі - памочнікі геадэзіста. Узялі мяне і яшчэ аднаго хлопца на работу. Мне тады было 16 гадоў, да таго часу я скончыў 6 класаў. Перакідвалі нас з аднаго населенага пункта ў іншы, у тым ліку ў калгас «Рассвет», якім кіраваў Кірыл Арлоўскі. Мне ўдалося з ім пазнаёміцца і пагутарыць у той час, - распавядае ветэран працы.
Пазней лёс яго закідваў у шахты Кізелаўскага вугальнага басейна, у Камскае рачное параходства - прызнаецца, гэта быў час, поўны экзотыкі, быўшы мараком, ён аб'ехаў мноства гарадоў Савецкага Саюза. А службу ў шэрагах узброеных сіл праходзіў на Паўночным флоце, Белым моры. Праз нейкі час яго перавялі бліжэй да Архангельска і прызначылі санінструктарам. Тут ён і сустрэў свой лёс.
- Мне далі заданне адвезці салдат у паліклініку ў Архангельск. Недалёка ад Дома культуры маладыя дзяўчаты фарбавалі агароджу, сярод іх была і мая будучая жонка Тамара Канстанцінаўна, з якой я пражыў 67 гадоў. Я вельмі ўдзячны лёсу за гэтую сустрэчу. У нас нарадзіліся трое сыноў. Ёсць унукі і праўнукі, - кажа наш герой.

Пасля вяселля Валянцін Паўлавіч жыў з жонкай у Пермі. Скончыў 10 класаў вячэрняй школы. Працаваў токарам, ліцейшчыкам. А у 1969 годзе вярнуўся на радзіму, у Беларусь. У той час у Бабруйску ішло будаўніцтва ЦЭЦ, і яго ўзялі токарам. Ад новай работы атрымаў кватэру. А пасля асвоіў прафесію механіка халадзільных установак. Усё жыццё наш герой добрасумленна ставіўся да працы, ён з'яўляецца ўдарнікам 9-й пяцігодкі СССР (1971-1975).

Акрамя асноўнага стажу, які складае 43 гады, каля 30 год Валянцін Паўлавіч займаўся падпрацоўкамі. У вольны час без справы ніколі не сядзеў. Сваімі рукамі адбудаваў дачу, куды зараз прыязджае адпачываць. І сыноў выгадаваў у павазе да працы. Было ў яго жыцці месца і подзвігу - даводзілася ратаваць людзей і на вадзе, і на пажары. «Я задаволены пражытым жыццём, хаця яно было вельмі цяжкае. Хацелася б, каб моладзь шанавала мір і спакой у нашай роднай Беларусі», - падвёў вынік Валянцін Пухоўскі.

Людміла Любімцава, фота Віктара Шэйкіна
Па матэрыялах БЖ