Бабруйск - самабытны і адзін з найстарэйшых гарадоў Беларусі са сваім непаўторным каларытам. Ён таксама славіцца багатай гісторыка-культурнай спадчынай.

Напрыклад, Бабруйская крэпасць лічылася адной з лепшых у Еўропе цытадэллю. Таксама яна стала сведкам страшных падзей у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Бабруйскі краязнаўчы музей прымае ад 3 да 7 экскурсій за дзень. Наведваюць установу культуры і замежнікі. Нямала куткоў, памятных і святых месцаў для бабруйчан паказала здымачная група «Беларусь 4» Магілёў».

Аб захаванні гістарычнай памяці, аб павазе да ветэранаў у горадзе на Бярэзіне, аб патрыятызме навучэнцаў навучальных устаноў расказалі старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Ірына Рынейская, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў і індывідуальны прадпрымальнік Уладзімір Свірыдаў, дэпутат Бабруйскага гарсавета па Гогалеўскай выбарчай акрузе №9, старшыня Бабруйскай гарадской арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Наталля Канавалава.

Нацысты стварылі ў Бабруйску 4 канцлагеры з 8 філіяламі. У раёне вуліцы Паркавай перасыльны лагер для ваеннапалонных нумар 131, а на тэрыторыі крэпасці падрыхтоўчы лагер нумар 314. Абодва лагеры былі аб'яднаны ў адзін і ўсіх ваеннапалонных размясцілі на тэрыторыі крэпасці. У ноч на 7 лістапада 1941 года гітлераўцы спалілі і расстралялі 22 тысячы савецкіх ваеннапалонных. Усяго за перыяд акупацыі было знішчана 44 тысячы ваеннапалонных. Выкрадзена ў Германію 15 тысяч чалавек, 25 тысяч мірных жыхароў знішчана. У лістападзе 1941 года каля вёсак Каменка і Яловікі былі расстраляны вязні Бабруйскага яўрэйскага гета.

Па матэрыялах БЖ