У адпаведнасці з артыкулам 14 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах адміністрацыйных працэдур» ад 28 кастрычніка 2008 г. № 433-З заява зацікаўленай асобы ў электроннай форме падаецца праз адзіны партал электронных паслуг (АПЭП) пасля атрымання да яе доступу: 

  • без выкарыстання сродкаў ідэнтыфікацыі;
  • з выкарыстаннем унікальнага ідэнтыфікатара зацікаўленай асобы (акрамя выпадкаў, калі зацікаўленай асобай з'яўляецца юрыдычная асоба);
  • з выкарыстаннем асабістага ключа электроннага лічбавага подпісу, сертыфікат адпаведнага адкрытага ключа якога выдадзены рэспубліканскім цэнтрам Дзяржаўнай сістэмы кіравання адкрытымі ключамі праверкі электроннага лічбавага подпісу Рэспублікі Беларусь.
     

Спосаб доступу да адзінага партала электронных паслуг для падачы заявы зацікаўленай асобы ў электроннай форме вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь у пераліку адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца ў электроннай форме праз адзіны партал электронных паслуг (пералік адміністрацыйных працэдур вызначаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь па пытаннях ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур» ад 6 мая 2020 г. № 271). 

Парадак атрымання ўнікальнага ідэнтыфікатара ўстанаўліваецца палажэннем аб парадку атрымання ўнікальнага ідэнтыфікатара, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 жніўня 2017 г. №637 «Аб мерах па рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб асновах адміністрацыйных працэдур». 

Унікальны ідэнтыфікатар - гэта спецыяльны лагін (імя ўліковага запісу грамадзяніна) і пароль - сродак ідэнтыфікацыі грамадзяніна пры ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур у электроннай форме праз асабісты электронны кабінет на адзіным партале электронных паслуг.

Для атрымання унікальнага ідэнтыфікатара грамадзянін звяртаецца з пісьмовай заявай аб выдачы унікальнага ідэнтыфікатара па ўстаноўленай форме ў службу «адно акно». 

Пры звароце грамадзянін прад'яўляе дакумент, які сведчыць асобу, а таксама дае пісьмовую згоду на правядзенне зверкі названых ім звестак з інфармацыяй, якая змяшчаецца ў дзяржаўных інфармацыйных рэсурсах (сістэмах), уладальнікам якіх з'яўляецца Міністэрства ўнутраных спраў.

Спецыяліст службы «адно акно» праверыць паказаныя ў заяве дадзеныя. Затым з дапамогай спецыяльнай праграмы сфарміруе ўнікальны ідэнтыфікатар. Адзнака аб атрыманні паведамлення засведчваецца подпісам грамадзяніна. 

Каб увайсці ў асабісты кабінет, запатрабуецца ўвесці атрыманы лагін і пароль. Для гэтага - націснуць кнопку «Уваход» і выбраць раздзел «Уваход па ўнікальным ідэнтыфікатару». 

У асабістым кабінеце адлюструецца пералік адміністрацыйных працэдур, якія з дапамогай унікальнага ідэнтыфікатара можна заказаць праз адзіны партал. Электронная заява запаўняецца ў асабістым кабінеце.

Пры заказе электроннай працэдуры ў асабістым кабінеце карыстальніка фарміруецца 30-значны код - нумар заказа, з дапамогай якога аплачваецца дадзеная працэдура любым зручным спосабам (напрыклад, праз любое аддзяленне банка, АРІП). У асабістым кабінеце карыстальнік прымацоўвае электронны від квітанцыі аб аплаце адміністрацыйнай працэдуры.

Заява зацікаўленай асобы, пададзеная ў электроннай форме, разглядаецца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам для разгляду заяў, пададзеных у пісьмовай форме.

Пасля выканання адміністрацыйнай працэдуры ўпаўнаважаным органам у асабістым кабінеце карыстальніка з'явіцца рашэнне па выніках аказання адміністрацыйнай працэдуры.