ГІСТАРЫЧНАЯ ДАВЕДКА
Установа «Следчы ізалятар № 5» упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў па Магілёўскай вобласці знаходзіцца на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці, якую пачалі будаваць у 1810 годзе, у Вежы Апермана.
Бабруйская крэпасць - помнік фартыфікацыйнага мастацтва першай паловы ХIХ стагоддзя. Яна была ўзведзена на тэрыторыі старога горада Бабруйска для абароны заходніх меж Расійскай імперыі па праекце і пад кіраўніцтвам інжынера Карла Апермана.
Афіцыйнай датай залажэння Бабруйскай крэпасці лічыцца 4 чэрвеня 1810 года. 4 ліпеня 1811 г. царскім указам Бабруйская крэпасць была прылічана да першага класа абарончых збудаванняў.
Да пачатку вайны 1812 года на ўзбраенне крэпасці было пастаўлена каля 300 гармат. Размешчаны ў ёй гарнізон налічваў каля 4 тысяч чалавек. Пасля заканчэння вайны 1812 года будаўніцтва крэпасці працягнулася. Асобна стаячую трохпавярховую вежу на рацэ Бабруйка пачалі будаваць у 20-я гады XIX стагоддзя. Увосень 1830 г. будаўніцтва дадзенай вежы было скончана.
У 1897 г. Бабруйская крэпасць ліквідавана як стратэгічная адзінка, знята з уліку штатных крэпасцей Расійскай імперыі. Але пры гэтым доўгія гады яна заставалася месцам размяшчэння воінскіх часцей і злучэнняў, а паколькі ў крэпасці знаходзіліся ваенныя фарміраванні, то пасада каменданта адназначна існавала аж да 1917 года. У 1905 годзе крэпасць стала месцам паўстання салдат дысцыплінарнага батальёна, а таксама выкарыстоўвалася як турма для палітычных зняволеных. У час Вялікай Айчыннай вайны абарончыя збудаванні за ракой Бабруйкай выкарыстоўваліся гітлераўцамі для ўтрымання ваеннапалонных. У дадзеным канцлагеры фашысты за гады вайны расстралялі і забілі больш за 40 тысяч савецкіх ваеннапалонных. Толькі за адну ноч 7 лістапада 1941 гады немцы, справакаваўшы пажар, спалілі жыўцом 7 тысяч рускіх салдат і афіцэраў.
У вежы Апермана размяшчаўся Дулаг-1. Да 1 красавіка 1969 года ў вежы размяшчаўся дом папярэдняга зняволення. У 1975 годзе да вежы Апермана прыбудавалі новы адміністрацыйны корпус, камеры зняволеных пераабсталявалі.


