Лізавета Бублей стала пераможцам I Рэспубліканскага агляду-конкурсу «Лепшы малады работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі».

Інжынер садова-паркавай гаспадаркі КУП «ДЭП горада Бабруйска» Лізавета Бублей вырасла ў гарадскім пасёлку Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобласці. З дзяцінства была блізкая да прыроды і хацела стаць ландшафтным дызайнерам.
Як чалавеку творчаму, ёй падабалася ствараць нешта новае, унікальнае, крэатыўнае.
Скончыла Палескі дзяржаўны ўніверсітэт у Пінску, па размеркаванні прыехала ў Бабруйск. Інжынер садова-паркавай гаспадаркі дарожна-эксплуатацыйнага прадпрыемства на першым працоўным месцы сустрэла пазітыўна настроеных людзей.
«У калектыве ўсё выдатна, прыязная абстаноўка, – расказвае Лізавета. - Першыя паўгода ў мяне быў настаўнік, цяпер дапамагаюць вопытныя калегі. Бяру з іх прыклад, пераймаю навыкі і дадаю свае ідэі, а з гэтага атрымліваюцца цікавыя праекты. Я задаволена сваёй працай. Займаюся праектаваннем і рэалізацыяй зялёных прастор - гэта могуць быць скверы, паркі, вуліцы, плошчы, клумбы. Мая праца заключаецца ў тым, каб зрабіць наш горад больш прыгожым і камфортным для гараджан, палепшыць экалагічную абстаноўку, павысіць якасць жыцця».