Мерапрыемства пад назвай «Культура і інклюзіў. Адкрыты дыялог» прайшло ў Палацы мастацтваў. Форум сабраў людзей з інваліднасцю, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, экспертаў, дзяржслужачых.
Адкрываючы форум, старшыня Бабруйскай гарадской арганізацыі ГА «Беларускае таварыства інвалідаў» Таццяна Пукала адзначыла, што культура - гэта тое, што аб'ядноўвае людзей, фарміруе наша грамадства і дазваляе кожнаму чалавеку адчуваць сябе часткай чагосьці большага.
- На жаль, многія людзі застаюцца за межамі гэтага «вялікага свету». Наша задача - зрабіць так, каб кожны, незалежна ад сваіх асаблівасцяў, мог удзельнічаць у культурным жыцці на роўных, - падкрэсліла Таццяна Уладзіміраўна.
Мерапрыемства стала платформай, дзе людзі з інваліднасцю атрымалі магчымасць пачуць меркаванне і досвед вядучых экспертаў, актывістаў і прадстаўнікоў розных арганізацый. На форуме былі агучаны паспяховыя практыкі, прайшло абмеркаванне новых ідэй і шляхоў вырашэння праблем, з якімі сутыкаюцца людзі з абмежаванымі магчымасцямі ў сферы культуры.
Спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарвыканкама Таццяна Курловіч, адказваючы на пытанні, расказала аб фарміраванні даступнага асяроддзя на базе культурных аб'ектаў Бабруйска:
– У мінулым годзе поўнасцю забяспечана даступным асяроддзем гарадская бібліятэка імя А.С. Пушкіна. Сюды могуць зайсці людзі са ўсімі формамі інваліднасці. Даступнае асяроддзе створана і ў Дзіцячай школе выяўленчых мастацтваў ім. В.А. Дамарада. На наступны год у нас запланавана пераабсталяванне пад даступнае асяроддзе выставачнай залы. А на наступную пяцігодку - устаноў культуры на Фарштаце, «ФанДАКе» і Палаца мастацтваў. Адзначу таксама, што ў бібліятэках горада створаны фонд аўдыялітаратуры для сляпых. З інвалідамі-калясачнікамі таксама пабудавана форма работы: чалавек тэлефануе ў бібліятэку і заказвае кнігу, якую яму прынясуць дадому.
У працэсе форуму ўдзельнікаў чакалі не толькі цікавыя выступленні спікераў, але і магчымасць актыўнага ўдзелу ў дыскусіях. У праграме мерапрыемства былі таксама розныя прэзентацыі, круглы стол, майстар-класы і канцэрт «Свет творчасці адзін на ўсіх», дзе выступілі мастацкія калектывы Палаца мастацтваў.
Людміла Любімцава
Фота Віктара Шэйкіна
Па матэрыялах БЖ