Працягваецца збор подпісаў у падтрымку вылучэння прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзідэнты 

На сустрэчы 21 лістапада Кіраўніка дзяржавы з кіраўніком і каардынатарамі ініцыятыўнай групы Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адзін з самых важных аспектаў у час збору подпісаў - гэта зносіны членаў ініцыятыўнай групы з людзьмі. «Я вас вельмі прасіў бы, каб у вас былі сканцэнтраваныя ўсе тыя данныя (якія агучваюць грамадзяне падчас збору подпісаў. - Заўв. рэд.) і вы мяне праінфармавалі, каб я ведаў, пра што людзі кажуць, на што трэба звярнуць увагу, - сказаў беларускі лідэр. - Гэта добры сацыялагічны зрэз. Лепшага не бывае... Праблемы, якія трывожаць людзей, для мяне вельмі важныя. І мы будзем, зразумела, у гэтым напрамку працаваць і выпраўляць тыя недахопы, якія людзі заўважаюць».  

Сярод прэтэндэнтаў у кандыдаты - старшыня ЛДПБ і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алег Гайдукевіч. Журналістам ён распавёў пра некаторыя высновы з размоў членаў яго ініцыятыўнай групы з грамадзянамі краіны: 

— Людзі зараз не хочуць падзелу. Яны вельмі хочуць, каб было адзінства, і сур'ёзна да гэтага ставяцца. Для іх важна, каб кандыдат не меў нейкіх радыкальных поглядаў, каб ён хацеў захаваць мiр. Гэта пераемнасць усяго таго, што было за гэтыя гады… Людзі хочуць, каб захаваўся мір, каб было бяспечна. Буду шчырым: многія падыходзяць і гавораць, маўляў, мы ставім подпіс, але галасаваць пойдзем за дзеючага Прэзідэнта. Для іх важна, каб ні ў якім разе не было нестабільнасці ў краіне. 

Пры гэтым удзельнік прэзідэнцкай гонкі дадаў: 

- Хачу падзякаваць ЦВК, што вельмі добра арганізавана работа. Можна спакойна працаваць, размаўляць з людзьмі. Працуем у цеснай сувязі з мясцовай уладай. Калі людзі на пікетах нейкія праблемы ўздымаюць, мы адразу гэта перадаем мясцовай уладзе, каб аператыўна іх вырашаць. Бо я перакананы, што ўсе кандыдаты і ўсе прэтэндэнты павінны працаваць на адзінства і зрабіць краіну больш моцнай.

У адпаведнасці з каляндарным планам

Збор подпісаў працягнецца па 6 снежня ўключна. Далей тэрытарыяльныя камісіі пачнуць праверку дакладнасці сабраных подпісаў. З 7 па 21 снежня ўключна прадугледжана прадстаўленне ў ЦВК дакументаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатаў у Прэзідэнты. Рэгістрацыя будзе ажыццяўляцца з 22 па 31 снежня ўключна.

sb.by
 

Поделиться