Хакеісты бабруйскага «Дынама-Шынніка» занялі другое месца ў «Сярэбраным» дывізіёне Заходняй канферэнцыі Маладзёжнай хакейнай лігі ў сезоне-2024/25.

У заключным матчы рэгулярнага чэмпіянату падапечныя Андрэя Міхалёва прымалі галоўнага канкурэнта па сезоне - маскоўскую «Чырвоную Армію». Перад вочнай сустрэчай каманды дзялілі першае месца ў дывізіёне, набраўшы па 80 ачкоў за 53 туры. У якасці ўзмацнення на вырашальны матч у стан «шыннікаў» былі выкліканыя хакеісты мінскага «Дынама» Ягор Борыкаў і Данііл Ліпскі.

За 60 хвілін гульні гаспадары здолелі выціснуць з сябе толькі адну закінутую шайбу, яе аўтарам у сярэдзіне другой трэці стаў Ілья Лахноў. Масквічы ж паразілі беларускую браму па два разы ў першым і другім перыядах, а таксама яшчэ раз у заключным. Фінальны лік - 5:1 на карысць «Чырвонай Арміі», якая заваёўвае права выступіць у «Залатым» дывізіёне МХЛ у наступным сезоне.

У «Дынама-Шынніка» застаецца магчымасць патрапіць у эліту, для гэтага ў раўндзе плэй-ін нашым хлопцам неабходна абыграць «Алмаз». У першым пасля вяртання ў МХЛ сезоне-22/23 бабруйчане занялі трэцяе месца ў «Сярэбраным» дывізіёне, а на стадыі плэй-ін саступілі санкт-пецярбургскаму «Дынама-СПб». Год таму нашы хлопцы фінішавалі чацвёртымі ў табліцы дывізіёна і ў накаўт-раўнд не патрапілі.








БЕЛТА, фота bobrlife.by