Хакеісты «Дынама-Шынніка» ўдала завяршылі чарговую выязную серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Маладзёжнай хакейнай лігі сезона-2024/25.
На фінішы гасцявога турнэ падапечныя Андрэя Міхалёва сустракаліся з мыцішчынскім «Атлантам». У стартавым адрэзку каманды паразілі вароты адна адной па разе, за бабруйчан вызначыўся Дзмітрый Тукач. У другім перыядзе нашы хлопцы прапусцілі дзве шайбы, але пры гэтым самі закінулі ўдвая больш - дубль аформіў Багдан Белкін, яшчэ па галу дадалі Мацвей Шыдлоўскі і Мікалай Салыга. У заключнай трэці беларусы намаганнямі Аляксандра Яцэнкі і Дзмітрыя Хабяна давялі разрыў у ліку да буйнога, гаспадары здолелі адказаць толькі аднойчы. Вынік гульні - 7:4 на карысць «Дынама-Шынніка».
Такім чынам, з шасці выязных матчаў студзеня нашы хакеісты выйгралі пяць: раней па два разы былі біты ступінскі «Капітан» (2:1 і 3:1) і «Хорс Карэлія» з Кандапогі (5:0 і 8:3). Адзінае паражэнне бабруйчане пацярпелі напярэдадні ад тульскай «Акадэміі Міхайлава» (1:2 у серыі булітаў).
З 66 баламі юныя дынамаўцы працягваюць узначальваць табліцу «Сярэбранага» дывізіёна Заходняй канферэнцыі МХЛ. Далей нашу каманду чакае трохматчавая дамашняя серыя, гульні якой пройдуць 20, 24 і 29 студзеня. У «Бабруйск-Арэну» завітаюць прадстаўнікі элітнага «Залатога» дывізіёна.