Хакеісты «Дынама-Шынніка» атрымалі чарговую дамашнюю перамогу ў рэгулярным чэмпіянаце Маладзёжнай хакейнай лігі сезона-2024/25.   

У пятніцу падапечныя Андрэя Міхалёва другі раз за два дні прымалі тульскі «АКМ-Юніёр». Сустрэча напярэдадні скончылася на карысць гаспадароў - 6:3, пяць ачкоў (1+4) за «шыннікаў» набраў Дзмітрый Тукач. Сёння галоўным героем у нашай камандзе стаў Арсеній Чухраеў, які аформіў дубль яшчэ да заканчэння паўгадзіны гульнявога часу. У сямі апошніх матчах у 19-гадовага форварда шэсць галоў. Таксама за дынамаўцаў вызначыўся Багдан Белкін, госці здолелі адказаць толькі аднойчы ў трэцім перыядзе. Фінальны лiк - 3:1. 

Бабруйскі клуб захаваў першае месца ў табліцы «Сярэбранага» дывізіёна Заходняй канферэнцыі МХЛ, пасля 23 матчаў у «Дынама-Шынніка» 38 ачкоў. На адзін пункт адстае маскоўская «Чырвоная Армія», астатнія праследавацелі прайграюць сем балаў і больш. У перыяд з 30 верасня па 29 лістапада беларускія хакеісты правялі 14 гульняў, у якіх здабылі 12 перамог.

Заключная дамашняя серыя бабруйчан у 2024 годзе завершыцца матчамі супраць падмаскоўных «Рускіх Віцязяў» 2 і 3 снежня.

Па матэрыялах БЖ

Поделиться