Хакеісты «Дынама-Шынніка» ўдала пачалі апошнюю дамашнюю серыю матчаў у рэгулярным чэмпіянаце МХЛ цяперашняга сезона. Падапечныя Андрэя Міхалёва на сваім лёдзе разбілі «Амурскіх Тыграў» з Хабараўска.

Ужо ў стартавай трэці «бабры» адарваліся ад саперніка на тры галы, у другім перыядзе давялі адрыў да пяці шайб, а ў заключнай 20-хвілінцы паразілі чужыя вароты яшчэ чатыры разы. Фінальны лік - 9:0 на карысць «Дынама-Шынніка», пяць балаў за гаспадароў набраў Аляксандр Яцэнка (2+3). Таксама дубль аформіў Андрэй Краўчук, па адным дакладным кідку нанеслі Арсеній Елісееў, Мікалай Салыга, Мацвей Ладуцька і Дзмітрый Невера.

Такім чынам наша каманда вярнулася на першае месца ў табліцы «Сярэбранага» дывізіёна Заходняй канферэнцыі, на адно ачко абышоўшы «Чырвоную Армію» з Масквы. Менавіта матчы супраць маскоўскага клуба завершаць рэгулярны чэмпіянат для дынамаўцаў - сустрэчы на «Бабруйск-Арэне» адбудуцца 18 і 19 сакавіка.