Вядомы не толькі ў нашым горадзе папулярызатар гісторыі савецкай авіяцыі, ваенных ведаў і ідэй патрыятызму, дэпутат Магілёўскага абласнога Савета Уладзімір Свірыдаў ужо не першы год наведвае са сваёй цудоўнай фалерыстычнай калекцыяй навучальныя ўстановы Бабруйска, Магілёва, Быхава, Клічава, Слаўгарада. Рабяты наяве знаёмяцца з копіямі практычна ўсіх ордэнаў і медалёў, шматлікіх нагрудных знакаў савецкага перыяду і с захапленнем слухаюць аповеды пра іх ветэрана Узброеных Сіл СССР.

Наш «перадзвіжнік» дазваляе хлапчукам і дзяўчынкам чапаць муляжы ўзнагарод і нават прымяраць іх. Расказваючы пра адрозненні знакаў, Уладзімір Вячаслававіч абавязкова ўвязвае іх з'яўленне з пэўным гістарычным момантам, называе найбольш вядомых уладальнікаў і заслугі, за якія тыя ўдастоены ўзнагарод. 

У мінулым годзе ён правёў падобныя патрыятычныя ўрокі ў бабруйскіх школах №№2, 11, 12, 17, 27, у лесатэхнічным каледжы. У гэтыя пераднавагоднія дні ён стаў госцем і экскурсаводам для вучняў сярэдняй школы №30, дзе яго гасцінна прынялі дырэктар Наталля Аляксандраўна Жаваранак і старшыня Савета ветэранскай арганізацыі Ленінскага раёна нашага горада Ніна Фёдараўна Касцян. На займальнай экскурсіі пабывалі рабяты з некалькіх класаў, і дыялог на іх атрымаўся - школьнікі задавалі пытанні і атрымлівалі вычарпальныя адказы. Уладзімір Свірыдаў знаёміў прысутных з краязнаўчай літаратурай пра наш горад на Бярэзіне, з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Калі б не званок на перамену, нашы юныя суайчыннікі, і сярод іх Ваня Толак, Лена Лушчынская і Ягор Жукаў (на фота №№1, 2, 3), доўга б яшчэ разглядалі прадметы ўнікальнай калекцыі.

 

Аляксандр Казак. Фота аўтара.

Па матэрыялах «БЖ»

Поделиться