Падтрыманне здароўя і жыццё ў камфортным асяроддзі - каштоўныя складнікі для любога чалавека. Прыярытэты і аспекты выканання рэгіянальнага комплексу мерапрыемстваў па рэалізацыі ў Бабруйску Дзяржаўнай праграмы "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека" і праведзенай работы ў рамках Года добраўпарадкавання разгледзелі на 12-й чарговай сесіі Бабруйскага гарадскога Савета дэпутатаў.

У абмеркаванні актуальных пытанняў прынялі ўдзел старшыня Бабруйскага гарвыканкама Ігар Кісель, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аксана Прыходзька і Антон Каранкевіч, начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Гацко, прадстаўнікі маладзёжных саветаў пры Палаце прадстаўнікоў і Бабруйскім гарсавеце.

Галоўны ўрач Бабруйскай цэнтральнай бальніцы Аксана Крупеніч паведаміла, што ў нашым горадзе мэтавыя паказчыкі праграмы ў сістэме аховы здароўя за 2024 год былі выкананы ў поўным аб'ёме. Дакладчык падрабязна ахапіла кожны з пунктаў, агучыла лічбы і дасягнутыя вынікі.

У Бабруйску створаны ўсе ўмовы для ўмацавання рэпрадуктыўнага здароўя і планавання сям'і: на ўсіх этапах кваліфікаваныя спецыялісты пракансультуюць і дапамогуць. Атрымаў развіццё прэнатальны камбінаваны скрынінг цяжарных. Для ўсіх нованароджаных выконваецца скрынінг, які ўключае абследаванне на розныя захворванні і ранняе іх выяўленне. Функцыянуюць цэнтры ранняга ўмяшання, карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, па навучанні бацькоў асновам бяспекі жыццядзейнасці дзяцей.

У горадзе актыўна праводзіцца работа па фарміраванні здаровага ладу жыцця, прафілактыцы сардэчна-сасудзістых і іншых захворванняў, укаранёны сучасныя метады лячэння. Аксана Крупеніч зрабіла акцэнт на неабходнасці і эфектыўнасці правядзення дыспансерызацыі насельніцтва (ахоп - больш за 90%), што павышае магчымасць выявіць фактары рызыкі і своечасова пачаць лячэнне. Новае абсталяванне, устаноўленае за апошнія гады ў бабруйскіх медустановах, таксама дазваляе палепшыць дыягностыку, выявіць захворванні на ранніх стадыях і паспяхова іх лячыць. У 2024 годзе звыш 10 млн рублёў было накіравана на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы медустаноў горада, набыты больш за 720 адзінак медабсталявання, аўтамабілі меддапамогі.

Сістэма аховы здароўя Бабруйска мадэрнізуецца і пашыраецца, будуюцца новыя аб'екты. Абмяркоўваючы пытанне ўкамплектаванасці медыцынскімі кадрамі, Аксана Мікалаеўна адзначыла мэтанакіраваную прафарыентацыйную работу са школьнікамі і студэнтамі - сустрэчы, прэзентацыі, дыялогі, экскурсіі, каб паказаць прывабнасць і запатрабаванасць прафесій медыцынскага профіля. Ужо назіраецца станоўчая тэндэнцыя на перспектыву: летась у Бабруйск прыбылі 85 маладых спецыялістаў, сёлета чакаюцца 110.

Пільная ўвага ў Год добраўпарадкавання ўдзяляецца навядзенню парадку, абнаўленню і акультурванню гарадскіх вуліц, дарог, дваровых тэрыторый. Аб выкананых з пачатку 2025 года работах расказала начальнік упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі гарвыканкама Таццяна Андрэева.

Тратуары і дарогі "апранаюцца" ў новую плітку і асфальтабетонныя пакрыцці: выкананы бягучы рамонт больш за 85 тыс. кв. м вулічна-дарожнай сеткі, у дварах жылых дамоў - 2,4 тыс. кв. м пешаходных сувязей. На Ракасоўскага, Энергетыкаў, Чангарскай з'явіліся 4 новыя дзіцячыя гульнявыя і спартыўныя пляцоўкі. На шматлікіх прыдамавых тэрыторыях замяняюць і рамантуюць дзіцячае гульнявое абсталяванне, усталёўваюць лаўкі. Завершана маштабная рэканструкцыя плошчы Перамогі. Бабруйск азеляняецца: высаджана 1230 дрэў, больш за 1000 кустоў і 100 тысяч кветак, адноўлена 1,3 га газонаў.

Бабруйчане кожны дзень бачаць і заўважаюць, якімі тэмпамі гарадскія службы праводзяць добраўпарадкаванне нашага горада. Удзельнікі сесіі акцэнтавалі: важна і самім жыхарам не заставацца ўбаку, а ўключацца ў сумесную работу. Старшыня гарсавета Ірына Рынейская адзначыла: «Рэалізацыя мерапрыемстваў у рамках Года добраўпарадкавання - задача першарадная. Усе задзейнічаны ў гэтай рабоце: дзяржорганы, дэпутацкі корпус, прадпрыемствы і арганізацыі Бабруйска. Патрабуе ўзмацнення работа з насельніцтвам, уцягванне грамадзян у добраўпарадкаванне горада. Найперш гэта тычыцца навядзення парадку на ўласных зямельных участках індывідуальнай забудовы».

На сесіі дэпутаты разгледзелі і шэраг іншых пытанняў, якія датычацца кіравання і распараджэння гарадской маёмасцю, мер сацыяльнай падтрымкі, карэкціровак фінансавання ў інвестыцыйную праграму.

Маргарыта Бушуева, фота Аляксандра Анташкевіча, bobrlife.by
 

Поделиться