Выязное паседжанне пастаяннай камісіі па сацыяльных пытаннях Бабруйскага гарадскога Савета дэпутатаў прайшло ў механіка-тэхналагічным каледжы. На парадку дня - выкананне ў Бабруйску рэгіянальнага комплексу мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка» на 2021-2025 гады. Але найперш дэпутаты пабывалі на экскурсіі ў цэнтры кампетэнцый каледжа, дзе навучэнцы на практыцы могуць асвоіць спецыяльнасці па зварачных работах, удасканальваць навыкі. Тут размешчаны камп'ютарны клас, лабараторыя кантролю якасці зварных злучэнняў, цэх падрыхтоўкі металу, такарная і фрэзерная майстэрні, зварачныя апараты і станкі па апрацоўцы металу. У распараджэнні будучых электрагазазваршчыкаў выдатная база, каб вывучаць асаблівасці тэхнічнай эксплуатацыі шматфункцыянальнага абсталявання і сучасныя тэхналогіі зварачнай вытворчасці. У каледжы навучаюць прафесіям, запатрабаваным на прадпрыемствах нашага горада.
На паседжанні дэпутаты заслухалі даклад з прэзентацыяй аб дзейнасці сістэмы адукацыі Бабруйска. Намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі гарвыканкама Аксана Барысевіч падрабязна расказала пра рэалізацыю мерапрыемстваў Дзяржпраграмы, адзначыўшы, што па кожнай з 11 падпраграм прадугледжаны шэраг задач, вырашэнне якіх садзейнічае дасягненню мэтавых паказчыкаў (па выніках 2023 года ўсе яны выкананы). У Бабруйску створаны ўсе ўмовы для забеспячэння даступнасці і якасці адукацыі, развіцця здольнасцей і інтарэсаў дзяцей і моладзі, падрыхтоўкі канкурэнтаздольных спецыялістаў.
Падмурак будучых поспехаў закладваецца ў дзяцей у дзіцячым садку (з дашкалятамі працуюць 1024 педагогі). Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі імкнуцца дасягаць якасных адукацыйных вынікаў: вывучэнне асобных навучальных прадметаў на павышаным узроўні, удзел у алімпіядах, 20 класаў прафесійнай накіраванасці, рэалізацыя інавацыйных і эксперыментальных праектаў. Для прыкладу Аксана Барысевіч прывяла некалькі паказальных фактаў гэтага года: «Бабруйскія навучэнцы заваявалі 14 дыпломаў у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды, 2 - у алімпіядзе Саюзнай дзяржавы. 139 выпускнікоў скончылі школу з залатым і сярэбраным медалямі. Выпускніца СШ №27 Дар'я Галамака набрала па выніках ЦТ і ЦЭ, сярэдняга бала атэстата 400 балаў (максімальна магчымы вынік)». Для педагогаў таксама створаны неабходныя ўмовы для прафесійнага развіцця, аб чым сведчаць значныя перамогі ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах.
У Бабруйску развіты інклюзіўная адукацыя, сістэма дадатковай адукацыі, адкрываюцца новыя аб'яднанні па інтарэсах з улікам сучасных патрэб. Сярод прыярытэтных напрамкаў - патрыятычнае выхаванне, фізкультурна-аздараўленчая работа, фарміраванне навыкаў бяспечных і адказных паводзін у падрастаючага пакалення.
Працягнула сур'ёзную размову на тэму рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў нашым горадзе начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі гарвыканкама Вераніка Вільчык. У Бабруйску маладому пакаленню прапануюць шмат цікавых пазнавальных мерапрыемстваў, праектаў, акцый, марафонаў грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці, развіваецца гістарычны турызм з тэматычнымі экскурсіямі ў музеі і мемарыяльныя комплексы, паходамі па месцах баявой і працоўнай славы. Важныя аспекты - уцягванне моладзі ў дзейнасць па захаванні гістарычнай памяці нашага народа, папулярызацыя дасягненняў сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Вераніка Вільчык адзначыла: «Адна з сучасных форм выхаваўчай работы - правядзенне дыялогавых пляцовак і сустрэч з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады, што дапамагае рэалізаваць патэнцыял моладзі і далучыць да актыўнага ўдзелу ў сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных працэсах». Новыя магчымасці дае і ўкараненне інтэрактыўных тэхналогій: інтэрнэт-чэленджы, анлайн-квесты, флэш-акцыі дапамагаюць фарміраванню патрыятычных пачуццяў, выяўленню творчых ініцыятыў. Лідэрскія якасці і прафесійныя навыкі рабяты набываюць, працуючы ў студатрадах. Маладыя спецыялісты атрымліваюць падтрымку і дапамогу ў калектыве, маюць магчымасць кар'ернага росту і павышэння прафмайстэрства, удзельнічаюць у конкурсах і маладзёжных мерапрыемствах.
Пра работу прадпрыемства «Бабруйсккіно» па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дэпутаты даведаліся ад начальніка аддзела культуры гарвыканкама Вадзіма Шчэрбіча. Сёлета ў кінатэатрах горада больш за 500 мерапрыемстваў і кінапаказаў наведалі больш за 14 тысяч чалавек. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на экранах дэманстравалі фільмы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне (для школьнікаў і студэнтаў - на бязвыплатнай аснове). У рамках сумеснага праекта з занальным архівам гледачам прапанавалі ўнікальныя кадры архіўнай кінахронікі вызвалення беларускіх гарадоў. У маі прыцягнула гледачоў прэм'ера ваенна-гістарычнай драмы «Час вярнуцца» ад «Беларусьфільма», з паказамі выязджалі і на прадпрыемствы горада. Прайшоў цыкл анімацыйных фільмаў «Мемарыяльныя комплексы Беларусі», да памятных і гістарычных дат праводзіліся кінаўрокі.
Да 100-годдзя беларускага кіно бабруйскія гледачы штотыдзень могуць убачыць найлепшыя айчынныя фільмы, створаныя за векавы перыяд. Прадпрыемства «Бабруйсккіно» пастаянна надае вялікую ўвагу паказу мастацкіх і дакументальных фільмаў беларускай вытворчасці (з нядаўніх - «Культурны код», цыкл «Гонар нашай краіны» да Года якасці, серыя «100 імёнаў Беларусі»). Вадзім Шчэрбіч адказаў на ўсе пытанні дэпутатаў, якіх цікавілі нюансы кінапракатнай дзейнасці і перспектывы «Бабруйсккіно».
Па матэрыялах БЖ
Маргарыта Бушуева, фота Аляксея Слабко