Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Вольга Жук 11 снежня сустрэлася з працоўным калектывам ЗАТ «Легпрамразвіццё». Абмеркаванне будучых змен у беларускім заканадаўстве - жывы дыялог з работнікамі адбыўся ў вытворчым цэху.


У Беларусі плануецца шмат важных новаўвядзенняў, якія непасрэдна закрануць кожнага жыхара краіны. У тым ліку гэта навацыі ў пенсійным забеспячэнні, выплаце дзярждапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, падтрымцы ветэранаў… Напрыклад, змяненне памеру пенсіі працуючых пенсіянераў, якія маюць індывідуальны каэфіцыент заробку звыш 1,3, з 1 студзеня 2025-га будзе праведзена аўтаматычна (у сувязі са зняццем Указам Прэзідэнта адпаведнага абмежавання). Гэта значыць, што грамадзяне, якія мелі да афармлення пенсіі добры заробак і працяглы працоўны стаж, і працягваюць працаваць, не будуць губляць частку сваёй пенсіі.

- Літаральна ўчора Кіраўніком дзяржавы падпісаны Закон, які карэкціруе Кодэкс аб адукацыі, - працягнула адзначаць яркія змены ў заканадаўстве Вольга Мікалаеўна. - Яго нормы накіраваны на пашырэнне дзяржаўнай абароны навучэнцаў, маладых спецыялістаў. Для нашых дзяцей у школах на заканадаўчым узроўні ўводзіцца дзелавы стыль адзення. Уступіць у сілу з 1 студзеня новы Закон аб занятасці насельніцтва, у якім у тым ліку ўзмацняюцца меры па забеспячэнні працаўладкавання інвалідаў, прадугледжаны новыя падыходы да перыядаў знаходжання на ўліку ў якасці беспрацоўнага і выплаты дапамогі па беспрацоўі.

Акрамя новаўвядзенняў у заканадаўстве, дэпутат Палаты прадстаўнікоў спынілася на электаральнай кампаніі:

- Асноўны дзень галасавання прызначаны на 26 студзеня. Чаму на гэтую дату? Чаму не вясной, не летам? Практыка паказала, што гэта вельмі складаны перыяд для выбараў: дачны сезон і адпускная пара, плюс, як вы ведаеце, большасць выбарчых участкаў размяшчаюцца на базе ўстаноў адукацыі, для якіх гэта таксама «гарачы» час (экзамены, уступная кампанія). Акрамя таго, 2025-ы - завяршальны год пяцігодкі. І абсалютна правільна, што выбары пройдуць у пачатку года, каб плаўна забяспечыць завяршэнне бягучага і планаванне наступнага пяцігадовага перыяду.


На сустрэчы Вольга Мікалаеўна таксама прыгадала дасягненні краіны ў параўнанні з 1990-мі:

- Я запомніла лічбы са сваёй курсавой, якую пісала ў канцы 90-х - у сярэдзіне таго дзесяцігоддзя, 30 гадоў таму, 38% беларусаў знаходзіліся за рысай беднасці. Сустракаючыся са студэнтамі сёння, гавару ім пра гэта. Не ўсе мне вераць, але гэта былі афіцыйныя даныя. Я іх запомніла на ўсё жыццё.

Пасля сустрэчы з калектывам Вольга Мікалаеўна выслухала ўсіх жадаючых па асабістых пытаннях, дала тлумачэнні па змяненнях у заканадаўстве, якія цікавілі прысутных.

Фота Аляксандра Анташкевіча

Па матэрыялах БЖ

Поделиться