На парадку дня пасяджэння пастаяннай камісій па ЖКГ Бабруйскага гарадскога Савета дэпутатаў - рэалізацыя ў горадзе дзяржпраграмы «Транспартны комплекс» і замена сетак водазабеспячэння.

На балансе філіяла «Бабруйскводаканал» знаходзіцца звыш 516 км сетак водазабеспячэння і больш за 306 км сетак водаадвядзення, практычна палова якіх перавышаюць нарматыўны тэрмін эксплуатацыі. У 2024 годзе ў Бабруйску замянілі 7,6 км сетак водазабеспячэння і амаль 7 км сетак водаадвядзення. У 2025 годзе па дзяржаўнай праграме «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» у горадзе прадугледжана замена 7,4 км сетак водазабеспячэння і 8,3 км сетак водаадвядзення. Дырэктар філіяла Дзмітрый Максіменка адзначыў, што работы па бягучых рамонтах і рэканструкцыі водаправоднай, каналізацыйнай сетак і калектараў ужо праводзяцца. Абмеркавалі таксама перспектывы развіцця сетак водаадвядзення ў сектары індывідуальнай забудовы горада.
Павышэнне якасці і бяспекі, даступнасць паслуг грамадскага транспарту, эфектыўнасць работы транспартных арганізацый абмеркавалі дэпутаты пры разглядзе пытання аб рэалізацыі ў Бабруйску дзяржаўнай праграмы «Транспартны комплекс» на 2021-2025 гады. Начальнік упраўлення ЖКГ гарвыканкама Таццяна Андрэева паведаміла, што аўтобусны парк №2 абслугоўвае 45 гарадскіх маршрутаў у працоўныя дні і 22 у выхадныя, тралейбусны парк №2 - 4 маршруты ў працоўныя дні і 3 у выхадныя. 85 мікрааўтобусаў перавозчыкаў прыватнай формы ўласнасці абслугоўваюць 16 маршрутаў. З улікам пажаданняў грамадзян у 2024 годзе праведзены карэкціроўкі раскладу руху на 6 маршрутах. Павялічыўся грузаабарот аўтамабільнага транспарту і аб'ёмы перавозак грузаў, экспарт транспартных паслуг выкананы на 76 працэнтаў. На фінансаванне транспартных арганізацый, якія ажыццяўляюць перавозку пасажыраў, з бюджэту было выдзелена субсідый на суму больш за 10 млн рублёў.

Праблемнае пытанне - знос рухомага саставу. У мінулым годзе парк грамадскага транспарту папоўніўся 17 новымі аўтобусамі, сёлета таксама плануецца абнаўленне. Дырэктар аўтобуснага парка Уладзімір Стэльмак зазначыў, што стабілізавалася сітуацыя па кадрах, прапрацоўваецца адкрыццё новых маршрутаў. Старшыня камісіі Сяргей Аўтуховіч звярнуў увагу на накіраванне Кісялевічаў, дзе ідзе актыўнае будаўніцтва жылых дамоў (у тым ліку арэнднага жылля) і людзям павінна быць зручна дабірацца ў свой мікрараён.
На пасяджэнні камісіі справаздачы аб праведзенай рабоце прадставілі дэпутаты гарсавета Людміла Дыба (Батоўская выбарчая акруга №20) і Святлана Карпіцкая (Фандакаўская выбарчая акруга №16).
Маргарыта Бушуева, фота Аляксандра Анташкевіча