Пытанні, якія патрабуюць аператыўнага рашэння, разгледзелі на 8-й пазачарговай сесіі Бабруйскага гарадскога Савета дэпутатаў.

Важныя змены датычацца размеркавання бюджэтных сродкаў. Начальнік фінансавага ўпраўлення гарвыканкама Руслан Іларыёнаў праінфармаваў, што падатковыя і непадатковыя даходы горада павялічваюцца на 1,1 млн рублёў. Значную суму накіруюць на расходы па бягучым утрыманні збудаванняў добраўпарадкавання і выплату надбавак за работу ў галіне аховы здароўя. З дадатковых бюджэтных сродкаў таксама прафінансуюць бягучы рамонт месцаў баявой і вайсковай славы, капітальны рамонт, набыццё і замену ліфтаў у жылым фондзе, мадэрнізацыю інжынернага абсталявання. Сродкі рэзервовага фонду гарвыканкама выдзелены на частковае фінансаванне расходаў клубаў па гульнявых відах спорту і стварэнне да зімовых свят доміка-рэзідэнцыі Дзеда Мароза ў гарадскім парку.

Начальнік упраўлення па адукацыі гарвыканкама Алена Лісіца агучыла, што за кошт сродкаў гарадскога бюджэту ў рамках правядзення дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» юныя бабруйчане атрымаюць навагоднія падарункі і прымуць удзел у святочных мерапрыемствах.

У Інвестыцыйнай праграме Бабруйска скарэкціраваны сумы на фінансаванне 3 аб'ектаў. У гэтым годзе павялічаны аб'ём бюджэтных сродкаў на функцыянаванне Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы (на надбаўку да зарплаты работнікам бібліятэк).

На сесіі дэпутаты прагаласавалі і за іншыя змены, якія палепшаць добраўпарадкаванне нашага горада і павысяць інфармаванасць бабруйчан.

На пасяджэнні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Вольга Жук і Аксана Прыходзька расказалі аб бягучай актыўнай рабоце над законапраектамі (адначасова ў Парламенце разглядаецца ў сярэднім 20-30). Вольга Мікалаеўна коратка вызначыла асноўныя моманты ў рабоце па заканадаўчых дакументах аб ветэранах, занятасці насельніцтва, мікрапазыках і крэдытах, падатковым кансультаванні і іншых. Аксана Прыходзька адным з важных напрамкаў у дзейнасці назвала заканатворчыя напрацоўкі па стварэннi лічбавага права. Аксана Ігараўна таксама адзначыла, што ў праекце бюджэту краіны на наступны год захаваецца сацыяльная накіраванасць, павялічацца расходы на сацыяльныя праекты, рамонт дарог.

З інфармацыяй на тэму прафілактыкі карупцыі і злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці перад дэпутатамі выступіў намеснік начальніка следчага аддзялення Бабруйскага міжраённага аддзела Следчага камітэта Сяргей Каваленка.

Маргарыта Бушуева
Фота Аляксандра Анташкевіча

Па матэрыялах БЖ

 

Поделиться