Работа па выкананні заявак службамі ЖКГ, добраўпарадкаванне горада, развіццё культурнай сферы Бабруйска - гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі на пасяджэнні прэзідыума Бабруйскага гарадскога Савета дэпутатаў з удзелам дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Вольгі Жук і Аксаны Прыходзька.Рэалізацыю ў нашым горадзе Дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2021-2025 гады дэпутаты разгледзелі, улічваючы выкананне рашэння, прынятага гарсаветам у чэрвені 2023 года.
Прадстаўнікі сістэмы ЖКГ расказалі аб праведзенай рабоце. У мінулым годзе выкананы рамонт вулічна-дарожнай сеткі Бабруйска (больш за 298 тысяч кв. м), выкладзена 35 тысяч кв. м тратуараў, заменена амаль 11 км цеплавых сетак. Рэканструявана 17 прыдамавых тэрыторый шматкватэрных жылых дамоў. Намеснік начальніка ўпраўлення ЖКГ гарвыканкама Таццяна Жук адзначыла, што трэба ўзмацніць работу па якасным выкананні капітальнага рамонту дамоў.
Вялікую ўвагу на пасяджэнні дэпутаты ўдзялілі рабоце арганізацый ЖКГ горада з заяўкамі ад жыхароў. Як паведаміў першы намеснік генеральнага дырэктара ДА «Бабруйскжылкамгас» Вячаслаў Каратчэня, у прошлым годзе паступіла больш за 36 тысяч заявак, з якіх 15% разгледжаны з парушэннем тэрмінаў. Агучылі праблемныя пытанні і меры па іх устараненню. Напрыклад, жыхары звяртаюцца з прэтэнзіямі на якасць вады ў 7-м мікрараёне. Кіраўнік «Водаканала» Дзмiтрый Максіменка запэўніў, што пытанне неўзабаве вырашыцца: праводзяцца рамонтныя работы абсталявання. «Пытанні жыллёва-камунальнай сферы заўсёды застаюцца актуальнымі для людзей. Гэта цяпло і ўтульнасць у нашых дамах, чысціня і парадак на вуліцах. На першым месцы павінна быць своечасовае і якаснае выкананне работ па зваротах грамадзян. У гэтым напрамку кіраўнікам неабходна ўзмацніць кантроль за дзейнасцю адпаведных службаў. Мы ўсе працуем на агульную мэту, каб у нашым добраўпарадкаваным і зялёным горадзе жыццё бабруйчан было камфортным», - акцэнтавала старшыня гарсавета Ірына Рынейская.
Другая тэма на парадку дня - рэалізацыя ў Бабруйску Дзяржпраграмы «Культура Беларусі» на 2021-2025 гады. Начальнік аддзела культуры гарвыканкама Вадзім Шчэрбіч прадметна праінфармаваў аб развіцці гэтай сферы і захаванні культурнай спадчыны. Усе паказчыкі выконваюцца, паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў, папаўняюцца калекцыі музеяў (старадаўняя зброя, даспехі, прадметы этнаграфіі) і бібліятэчныя фонды (з 2021 года набыта каля 30 тысяч экземпляраў кніг, перыядычных выданняў). У дзіцячых школах мастацтваў абнаўляюцца музычныя інструменты, што садзейнічае якаснаму навучанню і значным перамогам. У горадзе праводзяцца шматлікія фестывалі, культурныя мерапрыемствы, выставы і творчыя конкурсы. Чакае аднаўлення Бабруйская крэпасць, частка праектных работ ужо распачата.
Маргарыта Бушуева, фота Аляксандра Анташкевіча
Па матэрыялах БЖ