У Бабруйскім краязнаўчым музеі прайшло выязное пасяджэнне пастаяннай камісіі па рэгламенце, дэпутацкай этыцы, мясцовым самакіраванні, СМІ і сувязях з грамадскімі арганізацыямі.

Першае пытанне парадку дня датычылася арганізацыі і правядзення ў Бабруйску мерапрыемстваў па святкаванні 80-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 81-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дакладчыкамі па тэме выступілі Вераніка Вільчык, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі гарвыканкама, Алена Лісіца, начальнік упраўлення па адукацыі гарвыканкама, Вольга Дарошка, намеснік начальніка аддзела культуры гарвыканкама.

Вераніка Аляксееўна праінфармавала, што напярэдадні знакавой даты спецыялісты сацыяльных службаў горада правялі абследаванне матэрыяльна-бытавых умоў жыцця ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Выкананы работы па забеспячэнні пажарнай бяспекі: праведзена замена элементаў харчавання і аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, праведзены рамонт электраправодкі ў дамах ветэранаў і тых, хто пацярпеў ад наступстваў вайны.

На сёння ў горадзе пражывае 22 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.

У маі пройдзе ўручэнне ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, былым вязням фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і былым непаўналетнім вязням іншых месцаў прымусовага ўтрымання, іншым катэгорыям грамадзян юбілейнага медаля «80 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў».

На асаблівым кантролі ў Год добраўпарадкавання выкананне работ па ўтрыманні, бягучым і капітальным рамонце воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войн, месцаў баявой і воінскай славы. Гарадскі план мерапрыемстваў уключае правядзенне некалькіх дзясяткаў мерапрыемстваў: ад традыцыйнага ўшаноўвання ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, правядзення ваенна-гістарычнай рэканструкцыі, канцэртаў і салюту да анлайн-акцый і спартыўна-патрыятычных гульняў.

Старшыня камісіі Наталля Русіновіч абмеркавала з прысутнымі варыянты святочнага афармлення вуліц горада, прадпрыемстваў і ўстаноў адукацыі. У ходзе пасяджэння таксама была адзначана работа з падрастаючым пакаленнем.

Алена Сяргееўна адзначыла работу навучэнцаў у школьных музеях, іх падрыхтоўку і жаданне праводзіць гістарычныя даследаванні і надалей. Нядаўна адкрыты музейны пакой у школе №30, прысвечаны развіццю педагогікі, – яркае таму пацвярджэнне.

Другое пытанне на парадку дня - «Аб ходзе выканання рэгіянальнага комплексу мерапрыемстваў па рэалізацыі ў Бабруйску Дзяржаўнай праграмы «Масавая інфармацыя і кнігавыданне» на 2021-2025 гады». Аб рабоце інфармагенцтва «Бабруйск Медыя» даклала Вераніка Вільчык, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі гарвыканкама. Разрэз усіх інфармацыйных пляцовак і сацыяльных сетак, работа за кадрам і кадравы патэнцыял, маладыя спецыялісты і новыя праекты, работа на павелічэнне прыбытку. Бабруйскі кантэнт сёння на першым месцы ў вобласці і ўваходзіць у топ-20 па рэспубліцы. Мэтанакіраваная інфармацыйная работа працягваецца.  

На пасяджэнні камісіі заслухалі справаздачы аб праведзенай рабоце дэпутатаў гарсавета Кацярыны Валавіковай (Паркавая выбарчая акруга №2) і Віктара Дудзінскага (Георгіеўская выбарчая акруга №12). Яны ўдзельнічалі ў грамадска значных гарадскіх мерапрыемствах, суботніках, спартыўна-масавых мерапрыемствах, праводзілі сустрэчы з выбаршчыкамі і прыёмы грамадзян. Была таксама дадзена справаздача аб вырашаных і ўзятых на кантроль пытаннях, па якіх звярталіся выбаршчыкі.

Фота Аляксандра Анташкевіча, bobrlife.by

Поделиться