Нагадаем, што з 2015 года Аксана Крупеніч займала пасаду намесніка галоўнага ўрача Бабруйскай цэнтральнай бальніцы, з 2020-га - галоўнага ўрача. З 27 сакавіка 2024-га да гэтага часу была галоўурачом Бабруйскага анкадыспансера. А з 4 снежня Аксану Мікалаеўну зноў прызначылі галоўурачом Бабруйскай цэнтральнай бальніцы. Яна таксама з'яўляецца дэпутатам Бабруйскага гарадскога Савета дэпутатаў па Машынабудаўнічай выбарчай акрузе №33. Гераіня нашага інтэрв'ю шчыра лічыць бабруйчан душэўнымі, культурнымі і гасціннымі людзьмі.
- Аксана Мікалаеўна, наколькі мне вядома, Вы ўпершыню ў статусе дэпутата. Якую гэта накладае адказнасць, на Вашу думку?
- Работа дэпутата - гэта перш за ўсё адказнасць перад выбаршчыкамі. Найважнейшым напрамкам органаў мясцовага кіравання з'яўляюцца работа з насельніцтвам, пастаянная зваротная сувязь з выбаршчыкамі сваёй акругі. Часта пытанні, якія вырашаюцца органамі мясцовага кіравання, дастаткова ёмістыя і разнастайныя: вырашэнне пытанняў, развіццё акругі, навядзенне парадку на зямлі, развіццё добраўпарадкавання, выкананне дзяржаўных стандартаў. Усё гэта накладае на мяне як на дэпутата вялікую адказнасць.
- Ці патрабуюцца ў рабоце дэпутата дадатковыя навыкі і веды?
- Мяркую, што тут трэба вылучыць досвед работы з ЛЮДЗЯМІ: уменне пачуць іх праблемы і, калі неабходна, аказаць дапамогу. А ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў з'яўляецца свабодна абраны грамадзянін, які дасягнуў 18-гадовага ўзросту. Ніякіх іншых крытэрыяў у адносінах да дэпутата законам не прадугледжваецца.
- Вы - галоўурач горада. Скажыце, на Ваш погляд, ці павінны бабруйчане сёння надаваць больш увагі прафілактыцы здароўя?
- Безумоўна. Бо стан здароўя грамадзян залежыць перш за ўсё ад іх саміх. Таму своечасовы візіт да ўрача з мэтай планавага агляду - абавязак кожнага з нас.
- Першыя прыёмы грамадзян прайшлі. З якімі пытаннямі да Вас звяртаюцца бабруйчане? Што іх хвалюе?
- Дэпутат мясцовага савета дэпутатаў разглядае атрыманыя ім звароты грамадзян і прымае меры для іх поўнага, аб'ектыўнага, усебаковага і своечасовага разгляду. У рамках правядзення мною асабістага прыёму грамадзян найчасцей заяўнікі звярталіся па пытаннях жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Да кожнага звароту патрабаваўся індывідуальны падыход. Некаторыя пытанні пры неабходнасці вырашаліся разам з выканаўчай уладай.
- Ваша Машынабудаўнічая акруга №33. Раскажыце, якой Вы бачыце яе ў найбліжэйшай будучыні? У чым ёсць перспектыва развіцця?
- На тэрыторыі акругі размешчана Бабруйская цэнтральная бальніца, дзе на пастаяннай аснове праводзіцца абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы, а ў 2025 годзе плануецца ўстаноўка магнітна-рэзананснага тамографа, што палепшыць якасць і даступнасць аказання медыцынскай дапамогі не толькі жыхарам Машынабудаўнічай выбарчай акругі, але і насельніцтву Бабруйска і пяці суседніх раёнаў.
- Прыемная навіна. Аксана Мікалаеўна, Вы любіце Бабруйск. У чым бачыце яго асаблівасць?
- Я з вялікай любоўю і цеплынёй стаўлюся да нашага прыгожага і ўтульнага горада, у якім жывуць душэўныя, культурныя і гасцінныя людзі. Бабруйск - гэта горад з вялікай гістарычнай памяццю, прасторнымі дварамі, крэпасцю і іншымі знакамітымі архітэктурнымі збудаваннямі. Я бязмежна ганаруся тым, што жыву ў такім цудоўным горадзе.
- Вам удаецца сумяшчаць сур'ёзную і адказную пасаду, Вы ўдзяляеце нямала часу дэпутацкай дзейнасці. Як усё можна паспець? Можаце падзяліцца сакрэтам тайм-мэнэджменту?
- Галоўны сакрэт заключаецца ў дасканалым планаванні працоўнага дня і свайго часу.
Інфармацыя! На прыём да дэпутата па Машынабудаўнічай акрузе №33 Аксаны Мікалаеўны Крупеніч можна звярнуцца кожную другую сераду месяца з 17.00 да 19.00 па адрасе: вул. Гагарына, д. 34 (адміністрацыйны корпус), УАЗ «Бабруйская цэнтральная бальніца», 2-гі паверх, кабінет №2. Тэлефон для папярэдняга запісу: 8 (0225) 72-72-68.
Па матэрыялах БЖ