Выязное пасяджэнне пастаяннай камісіі Бабруйскага гарсавета дэпутатаў па сацыяльных пытаннях прайшло пад старшынствам Ірыны Матузавай на базе медыцынскага каледжа. Дырэктар навучальнай установы Дзмітрый Ягораў азнаёміў з навучальна-трэніровачным цэнтрам і лабараторыяй па адпрацоўцы навыкаў. Каля 30 працэнтаў заняткаў навучэнцы каледжа праходзяць з прымяненнем мабільных навучальных модуляў і манекенаў, каб ужо на стадыі навучання набыць практычныя навыкі па рабоце з пацыентамі. У медкаледжы рыхтуюць запатрабаваныя кадры: большасць выпускнікоў размяркоўваюцца ва ўстановы аховы здароўя Бабруйска і магілёўскага рэгіёна.

У пасяджэнні камісіі брала ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аксана Прыходзька. Першае пытанне на парадку дня - аб арганізацыі работы профільных класаў прафесійнай накіраванасці. Намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі гарвыканкама Аксана Барысевіч паведаміла, што такія класы з вывучэннем асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні функцыянуюць у 10 установах адукацыі Бабруйска. Дзеці навучаюцца ў інжынерных і аграрных, ваенна-патрыятычных і педагагічных класах, групах спартыўна-педагагічнай і медыцынскай накіраванасці. Акрамя таго, матываваныя навучэнцы асвойваюць і праграму факультатыўных заняткаў, распрацаваную профільным міністэрствам.


У профільных класах працуюць вопытныя педагогі. У рамках метадычнай дзейнасці настаўнікі дзеляцца вопытам, дэманструюць свае ўрокі і напрацоўкі па падрыхтоўцы да алімпіяд і цэнтралізаванага тэсціравання. Дарэчы, навучэнцы профільных класаў паказваюць высокія вынікі на алімпіядах, у даследчай дзейнасці, на іспытах. Якаснаму адукацыйнаму працэсу спрыяе добрае абсталяванне навучальных кабінетаў неабходным абсталяваннем (камп’ютарная тэхніка, мультыборды і інш.) і дапаможнікамі.

Асаблівая ўвага - прафарыентацыйнай рабоце. Усвядомленаму выбару прафесіі дапамагаюць экскурсіі на прадпрыемствы і ў ВНУ, тэматычныя сустрэчы, праекты і конкурсы. Сумеснае цеснае ўзаемадзеянне паказвае эфектыўнасць профільных класаў для далейшага прафесійнага станаўлення дзяцей.
- У аснове профільнай адукацыі - стварэнне ўмоў для самавызначэння школьнікаў, далучэнне да будучай прафесійнай дзейнасці. Такія класы адкрываюцца па найбольш запатрабаваных у краіне прафесіях. Важны вынік: выпускнік, які скончыў профільны клас пэўнай накіраванасці, і далей атрымлівае адукацыю па гэтым напрамку, - падкрэсліла Ірына Матузава.


Другое пытанне, якое абмеркавалі на пасяджэнні, датычылася сацыяльнай абароны і падтрымкі ветэранаў, інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Намеснікі кіраўнікоў адміністрацый Ленінскага і Першамайскага раёнаў Іна Новікава і Наталля Окрут, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі гарвыканкама Варвара Галеева расказалі, як арганізавана гэта работа ў нашым горадзе. Спецыялісты ТЦСАНаў штомесяц праводзяць маніторынгі жыццяўладкавання ветэранаў, каб выявіць іх патрэбнасці і аказаць неабходную дапамогу. Многім ветэранам прадастаўляюцца сацыяльныя паслугі дома. Традыцыйнымі сталі віншаванні са святамі і значнымі датамі, аказанне шэфскай дапамогі працоўнымі калектывамі арганізацый і прадпрыемстваў. Валанцёры БРСМ і каледжаў дапамагаюць пажылым людзям ва ўборцы і добраўпарадкаванні прыдамавой тэрыторыі. З удзелам моладзі праводзяцца акцыі па навядзенні парадку, дастаўцы лекаў, прадуктаў харчавання, сельгаспрадукцыі. Адзначылі значнасць у гэтым напрамку патрыятычнага выхавання маладога пакалення. Дакладчыкі акцэнтавалі: ніводны ветэран не застаецца без увагі.

Старшыня пастаяннай камісіі Ірына Матузава ўпэўнена: "Падтрымка ветэранаў - гэта штодзённы клопат, вялікая ўвага і жывыя размовы з імі. Важна, каб не было фармальнага падыходу, каб нашы ветэраны адчувалі - мы паважаем, памятаем і шануем іх заслугі".
Маргарыта Бушуева, фота Аляксандра Анташкевіча, bobrlife.by