Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, старшыня праўлення Беларусбанка Віктар Ананіч 18 красавіка правёў выязны асабісты прыём грамадзян у Бабруйску.

«Прыём грамадзян прайшоў пад знакам добраўпарадкавання і павышэння якасці жыцця. Бабруйчане закранулі пытанні добраўпарадкавання прыдамавой тэрыторыі, паляпшэння якасці мабільнай сувязі і электраэнергіі, што падаецца ў вясенне-восеньскі перыяд, напружання якой часам недастаткова з улікам сезоннага спажывання. Таксама ўздымалася тэма транспартных зносін у сельскай мясцовасці. Некалькім заяўнікам патрабавалася прававая кансультацыя», - пракаментаваў Віктар Ананіч.

Наведваючы Бабруйск, парламентарый сустрэўся з калектывам ЗАТ «Бабруйскмэбля». Тэмай зносін з работнікамі прадпрыемства сталі нядаўна падпісаныя Кіраўніком дзяржавы дырэктывы нумар 11 і нумар 12.

Віктар Ананіч звярнуў увагу на ключавыя пасылы дакументаў. У прыватнасці, на неабходнасць дэбюракратызацыі кіраўніцкіх працэсаў, узмацнення выканальніцкай дысцыпліны, недапушчальнасць карупцыі і нецярпімасць да гэтай з'явы ў прынцыпе.

Гаворачы аб аптымізацыі структуры і колькасці на прадпрыемствах, у органах дзяржкіравання, падкрэсліў, што гэты працэс ідзе пастаянна.

«Усе мы памятаем, калі дзяржапарат скарачалі на 30%, увялі сістэму «адно акно». Новыя тэхналогіі, штучны інтэлект прымушаюць ісці далей. Працоўныя рэсурсы патрабуюць пераразмеркавання з адных галін у іншыя. Нельга іх сцягваць з малых гарадоў у абласныя цэнтры і сталіцу. Хтосьці павінен расціць хлеб і саджаць яблыневыя сады», - удакладніў член Савета Рэспублікі.

У завяршэнні сустрэчы парламентарый адказаў на пытанні членаў працоўнага калектыву. 

«Падобныя пытанні, якія выказваюцца падчас прыёмаў грамадзян і сустрэч на прадпрыемствах, дазваляюць атрымаць своеасаблівы зрэз грамадскай думкі і выявіць пытанні, якія найбольш хвалююць грамадзян, каб аператыўна на іх адрэагаваць», - падсумаваў Віктар Ананіч.

bobrlife.by

Поделиться