13 чэрвеня міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі з працоўным візітам наведаў Бабруйск. У гарвыканкаме адбыўся выязны прыём грамадзян, на якім жыхары змаглі звярнуцца да міністра з хвалюючымі пытаннямі, што датычацца дзейнасці МНС.

На прыём да міністра прыйшоў 43-гадовы жыхар Бабруйска з просьбай дэталёва разабрацца па факце ўстанаўлення прычыны пажару, які здарыўся ў яго доме 24 лютага гэтага года.
Мужчына не згодны з высновамі экспертаў аб прычыне пажару і просіць разабрацца ў гэтым пытанні. Міністр падрабязна растлумачыў працэдуру правядзення праверкі па факце пажару і экспертызы па ўстанаўленні прычын узгарання.
- Мы дэталёва вывучым матэрыялы праверкі. Калі ўбачым, што пастанова была вынесена неабгрунтавана, будзем хадайнічаць аб яе адмене. Калі ж усё правільна і прычына пацвердзіцца, я дам Вам абгрунтаваны адказ, - адзначыў міністр.

У размове з журналістамі Вадзім Іванавіч адзначыў важнасць правядзення такой формы работы:
- Гэта ўсталяваны дзяржавай парадак работы з насельніцтвам. Зусім нядаўна Кіраўнік дзяржавы правёў нараду з Адміністрацыяй Прэзідэнта. Адзін з прыярытэтаў у рабоце дзяржаўных органаў - работа са зваротамі грамадзян.
Што датычыцца выпадку, які разгледзелі сёння, думаю, што на працягу 10-15 дзён мы разбяромся з гэтымі абставінамі і паведамім грамадзяніну. Хутка, адказна, як і прадпісваецца.