У Бабруйскім гарвыканкаме 14 сакавіка адбыўся выязны прыём грамадзян міністрам абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнантам Віктарам Хрэніным.

Кіраўніка ваеннага ведамства сустрэлі мэр горада Ігар Кісель, прадстаўнікі воінскіх часцей Бабруйскага гарнізона, ваенны камендант і ваенны камісар.

Адной з тых, хто звярнуўся да Віктара Генадзьевіча, была ігумення Параскева, настаяцельніца жаночага манастыра Святых Жон-Міраносіц. Яна падзякавала Міністэрству абароны за дапамогу ў аднаўленні сабора Святога Благавернага Князя Аляксандра Неўскага і абмеркавала далейшы ход работ. Нагадаем: ваеннае ведамства ўзяло шэфства над храмам у 2021 годзе.

- Сустрэча прайшла вельмі цёпла і добразычліва. Мы абмеркавалі прыкладныя даты асвячэння сабора і нашы далейшыя планы па яго будаўніцтве, бо Міністэрства абароны з'яўляецца галоўным мецэнатам нашага сабора воінскай славы, - сказала ігумення Параскева. - Ведаеце, гэта такая благадаць і радасць для ўсіх жыхароў Беларусі, што наш Прэзідэнт, наш Урад і міністры так граматна кіруюць нашай краінай, што мы жывём пад мірным небам і ўпэўнены ў заўтрашнім дні.

На прыёме разглядаліся важныя пытанні, якія датычацца павелічэння набору ў ваенныя ВНУ, удасканалення заканадаўства па сацыяльнай абароне ў адносінах да грамадзян, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях за межамі краіны.

Інфармацыя! Такія сустрэчы даюць магчымасць абмеркаваць хвалюючыя тэмы з кіраўніцтвам ваеннага ведамства. У тых, хто не паспеў запісацца на прыём у Бабруйску, застаецца магчымасць звярнуцца да міністра абароны ў Мінску. Прыём грамадзян праходзіць у першую сераду кожнага месяца, запісацца можна па тэлефонах: 8(017) 297-11-19, 297-12-12.

bobrlife.by

Поделиться