Новы Год - гэта свята, якое валодае асаблівай магіяй дабра, весялосці і чараўніцтва.
Вось толькі ў пагоні за святочным настроем, некаторыя забываюцца на правілы бяспекі, што прыводзіць да павелічэння колькасці пажараў і траўм.
Каб калядныя і навагоднія святы не былі азмрочаны пажарамі і надзвычайнымі здарэннямі, ратавальнікі традыцыйна ў перыяд з 16 па 30 снежня правядуць рэспубліканскую інфармацыйна-прапагандысцкую кампанію «Бяспечны Новы год!».
Кампанія пройдзе ў два этапы.
У час правядзення 1-га этапа, з 16 па 20 снежня, мэтавай аўдыторыяй стануць навучэнцы школ, таму мерапрыемствы пройдуць у агульнаадукацыйных установах.
Ратавальнікі правядуць з дзецьмі інтэрактыўныя навучальныя заняткі па папярэджанні надзвычайных сітуацый з прычыны неасцярожнага абыходжання з піратэхнічнымі вырабамі з выкарыстаннем гульняў «Крокі выратавання» і «5 адрозненняў». Раскажуць правілы бяспекі ў перыяд зімовых канікулаў, прапануюць паўдзельнічаць у тэматычных конкурсах, віктарыне «Феерверк бяспекі», бяспройгрышных латарэях, арганізуюць навагоднія флэшмобы і многае іншае. Усе хлопчыкі і дзяўчынкі абавязкова атрымаюць наглядна-выяўленчую прадукцыю і памятныя падарункі.
2-гі этап кампаніі пройдзе з 23 па 30 снежня. Асноўныя мерапрыемствы разгорнуцца ў месцах масавага знаходжання людзей - гэта гандлёвыя цэнтры, рынкі, ёлачныя кірмашы, адкрытыя пляцоўкі і інш.
Ратавальнікі разам са сваімі вернымі казачнымі памочнікамі павіншуюць усіх з надыходзячымі святамі, нагадаюць правілы бяспекі, правядуць тэматычныя віктарыны, конкурсы і латарэі, раздадуць наглядна-выяўленчую прадукцыю, разыграюць прызы. У месцах продажу піратэхнікі пажарны Дзед Мароз і Снягурка правядуць з пакупнікамі прафілактычныя гутаркі, раздадуць інструкцыі і растлумачаць правілы бяспечнага выкарыстання.
Прымайце ўдзел у кампаніі і атрымлівайце не толькі новыя веды ў галіне бяспекі, але і карысныя падарункі, станоўчыя эмоцыі і прыемныя ўспаміны, якія дазволяць вам сустрэць надыходзячы 2025 ярка і без надзвычайных здарэнняў! Бяспечнага Новага года Вам і Вашым сем'ям!