Не толькі піратэхніка прадстаўляе небяспеку ў навагоднія святы. Асаблівай увагі заслугоўвае навагодняя ёлка. З сярэдзіны снежня ва ўсёй краіне актыўна пачынаюць работу ёлачныя кірмашы. Кожны з нас хоча паставіць у сваім доме самую пушыстую, прыгожую і прыбраную ёлку. Але ў атмасферы свята не трэба забываць аб бяспецы. Каб Новы год і Каляды пакінулі толькі шчаслівыя ўспаміны, давайце разам успомнім нескладаныя правілы ўстаноўкі лясной прыгажуні:

На што ў першую чаргу трэба звярнуць увагу кожнаму з нас, каб у кватэры, доме не здарыўся пажар ад ёлкі? 

Ёлку трэба абавязкова замацаваць на ўстойлівай падстаўцы. Дываны і дывановыя пакрыцці з-пад ёлкі лепш прыбраць. Шукаючы месца для зялёнай прыгажуні, трэба задумацца не толькі аб тым, дзе яна будзе эфектней глядзецца, але і аб тым, дзе будзе бяспечней гэта, як правіла, далей ад ацяпляльных прыбораў, тэлевізара, батарэй. 

Якую небяспеку нясе ў сабе штучная ёлка? Ці настолькі яна бяспечная, як расказваюць прадаўцы?

Большасць штучных ёлак лёгка ўзгараецца, а пры гарэнні вылучае таксічныя рэчывы. Гэта ў большай ступені адносіцца да  тых, якія былі выпушчаны даўно, паколькі многія сучасныя ёлкі (як правіла, імпартныя і даволі дарагія) вырабляюцца з неўзгаральных матэрыялаў або прамочаны спецыяльным саставам, якія абараняюць іх ад узгарання. Таму лепш штучную «старую» ёлку замяніць сапраўднай - і радасці больш, і небяспекі менш. Але не трэба жывую ёлку трымаць занадта доўга: яна хутка высыхае і можа ўспыхнуць ад маленькай іскры. 

Чым трэба ўпрыгожваць ёлку з пункту гледжання бяспекі? 

Лепшае ўпрыгожванне навагодняй ёлкі - электрычная гірлянда. Самая галоўная рэкамендацыя - набывайце яе ў магазінах, а не ў гандляроў у пераходах і на рынках. Каб не трапляць у падобныя непрыемныя гісторыі і пазбегнуць пажару, дакладна прытрымлівайцеся рэкамендацый, указаных у інструкцыі па ўжыванні ёлачных электрагірлянд. Памятайце, што ні ў якім разе нельга пакідаць гірлянды і іншыя электрапрыборы ўключанымі без нагляду, і асабліва на ноч.

 

Поделиться