З надыходам першых замаразкаў вадаёмы скуе тонкі лёд. На яго, як водзіцца, першымі высунуцца аматары падлёднай рыбалкі, услед за імі - дзеці з канькамі і санкамі. З трывогай чакаюць гэтага перыяду ратавальнікі.
Нягледзячы на папярэджанні, штогадовы вынік бестурботнасці і залішняй самаўпэўненасці людзей: дзясяткі патанулi, сотні праваліліся пад лёд.
Нават самы асцярожны чалавек, выходзячы на лёд, не застрахаваны ад таго, што можа аказацца ў вадзе. Таму неабходна прытрымлівацца некалькіх простых правіл:
не падыходзьце да вадаёма нецвярозым;
не выходзьце на лёд адзін;
затрашчаў лёд - не рызыкуйце, вярніцеся на бераг;
на лёдзе будзьце ўважлівыя, рухайцеся павольна і асцярожна.
Асаблівую ўвагу неабходна праявіць бацькам. Нялішнім будзе нагадаць дзецям аб паводзінах на вуліцы зімой. Забараніце дзецям катацца на санках паблізу вадаёмаў, выходзіць на лёд на каньках ці проста гуляць па ім. Непаўналетнія не могуць у поўнай меры ўсведамляць небяспекі, а да бяды бывае адзін крок.
Аматары падлёднай рыбалкі абавязаны браць з сабой выратавальныя камізэлькі, вяроўку і іншыя сродкі выратавання. Яны не займаюць шмат месца, але могуць выратаваць ваша жыццё або жыццё таварыша.
Спрабуючы дапамагчы чалавеку, які праваліўся пад лёд, рухайцеся ў яго напрамку выключна паўзком. Наблізіўшыся на 3 - 4 метра, кіньце яму пояс, шалік або палку. Затым неабходна як мага хутчэй аказаць дапамогу пацярпеламу, бо ён можа загінуць ад пераахаладжэння, якое надыходзіць ужо праз 10 хвілін. Каб сагрэць пацярпелага, зніміце з яго мокрае адзенне, расцярыце, надзеньце сухое і дайце гарачае пітво.
ВАЖНА
Уступіла ў сілу пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 18.08.2023 г. № 543 «Аб ахове жыцця людзей на вадзе». Згодна з дакументам «дзецям забараняецца выхад на лядовае пакрыццё без суправаджэння паўналетніх», «грамадзяне пры выхадзе на лёд, у тым ліку для ажыццяўлення рыбалоўства з лядовага пакрыцця, абавязаны надзець выратавальную камізэльку».
Па матэрыялах БЖ