Шыны, якія выпускаюцца на «Белшыне», ужо ўпрыгожаны новай выявай - Дзяржаўным знакам якасці Рэспублікі Беларусь.
Гэта легкавыя шыны тыпапамераў 215/60R17 мадэлі BEL-402 96H і 225/65R17 мадэлі BEL-411 102H, якія прадпрыемства пастаўляе для камплектацыі легкавых аўтамабіляў Belgee. Начальнік канструктарска-тэхналагічнага аддзела завода масавых шын Тамара Бойка паведаміла, што ў пачатку лютага «Белшына» атрымала дакументы на нанясенне прэстыжнага знака на бакавіну шыны. І вось гэтая знамянальная і для завода масавых шын, і для ўсяго прадпрыемства падзея адбылася: першыя прамаркіраваныя шыны звулканізаваны, яны занялі ганаровае месца ў музейнай экспазіцыі ААТ «Белшына».

Нагадаем, летась, аб'яўленым Годам якасці, у рэспубліцы быў арганізаваны конкурс на прысваенне Знака якасці розным відам прадукцыі. Сярод іншых прэтэндэнтаў заяўку падала і «Белшына».
- Ацэначных крытэрыяў было нямала, - каменціруе Тамара Бойка. - Праводзіліся параўнальныя выпрабаванні, галасаванне і нават апытанне на вядомым аўтамабільным партале. Акрамя непасрэдна якасці ўлічвалася і колькасць шын, якія пастаўляюцца спажыўцу. У выніку на падставе атрыманых станоўчых вынікаў гэтым двум легкавым шынам прысвоілі Знак якасці.

Ужо ў бліжэйшы час дасягненні беларускіх вытворцаў убачаць і ацэняць расійскія спажыўцы. Шыны ад «Белшыны» адправіліся ў Маскву на ВДНГ, дзе занялі ганаровае месца ў складзе выставачнай экспазіцыі «Знак якасці» ў павільёне Рэспублікі Беларусь.