У ААТ «Бабруйскі завод біятэхналогій» 14 студзеня адкрылі новы цэх сухіх форм біяпрэпаратаў. Гэта сумесная работа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і прамысловага комплексу - ад ідэі і распрацоўкі праекта да канкрэтнай вытворчасці, дзе пабудаваны ўвесь інавацыйны ланцужок. Стварэнне такога цэха дае магчымасць вучоным-мікрабіёлагам больш маштабна ўкараняць свае дасягненні. У Нацыянальнай акадэміі навук распрацаваны дзясяткі прэпаратаў рознага прызначэння – для ўгнаення глебы, аховы раслін, барацьбы з забруджваннямі навакольнага асяроддзя… У асноўным гэтыя сродкі прадстаўлены ў вадкім выглядзе, а дзякуючы новаму цэху іх будуць выпускаць у сухой форме. Як адзначылі на цырымоніі адкрыцця, эфектыўны тандэм навукі з вытворчасцю павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі біятэхналагічнай галіны, пасадзейнічае экспартным пастаўкам і пашырэнню рынкаў.

- Наш завод ужо 12 гадоў у сістэме акадэміі навук, сумесна выраблялі розныя вадкія прэпараты для раслінаводства, аграрнага сектара. Новы этап вытворчасці сухіх форм біяпрэпаратаў - вялікі крок наперад. Будзем разам працаваць на перспектыву і далей развівацца, - сказаў дырэктар Бабруйскага завода біятэхналогій Сяргей Бакун. - Сухія формы біяпрэпаратаў запатрабаваны, ужо ёсць першыя заказчыкі. На ўчастку ферментацыі будзем вырабляць вадкія формы, каб потым на сушылцы пераўтварыць іх у сухія біяпрэпараты. Тэхналагічны працэс і якасць прадукцыі кантралююць спецыялісты завадской лабараторыі.
Новы цэх аснашчаны сучасным тэхналагічным абсталяваннем, праектная магутнасць якога складае каля 100 тон сухіх прэпаратаў за год. Самаакупнасць праекта - прыкладна 2 гады.
Шэраг біяпрэпаратаў знаходзіцца ў завяршальнай стадыі распрацоўкі, а некаторым ужо па 10 гадоў, але яны па-ранейшаму запатрабаваны. Калі раней яны выпускаліся ў вадкай форме, то зараз будуць прадстаўлены спажыўцу і ў сухой. Інавацыйныя біятэхналагічныя распрацоўкі прызначаны для сажалкавага рыбаводства, жывёлагадоўлі (кармавыя дабаўкі), абароны і стымуляцыі росту раслін, аднаўлення глебы, дэзінфекцыі паверхняў.
- Мы займаемся экалагізацыяй эканомікі нашай краіны. Бабруйскі завод біятэхналогій - добрае шматпрофільнае прадпрыемства. Я вельмі задаволена нашым супрацоўніцтвам на вынік - ад распрацоўкі да ўкаранення, - распавяла Эмілія Каламіец, генеральны дырэктар дзяржаўнага навукова-вытворчага аб'яднання «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі». - Калі раней мы арыентаваліся на замяшчэнне імпарту, то цяпер працуем і ў напрамку экспарту. Абсталяванне ў новым цэху бабруйскага прадпрыемства дазволіць нам адпрацаваць доследна-прамысловую тэхналогію. У сухіх прэпаратаў вышэйшы тэрмін прыдатнасці, больш зручная транспарціроўка. Для завода экспартны патэнцыял істотна павялічваецца, створаны дадатковыя працоўныя месцы. І тое, што мы сёння ў Бабруйску атрымаем і будзем прымяняць экалагічныя бяспечныя прэпараты, - гэта рух да зялёнай эканомікі.













Маргарыта Бушуева, фота Віктара Шэйкіна.
Па матэрыялах БЖ