На Бабруйскім мясакамбінаце з'явіцца новы цэх паўфабрыкатаў у межах інвестпраекта. Ажыццяўленне задуманага стартавала ў 2024 годзе і стала важным крокам у развіцці прадпрыемства. У рамках амбіцыйнага праекта на тэрыторыі камбіната будуць узведзены кацельня і тэхналагічны аміячна-кампрэсарны цэх. Аб'екты не толькі забяспечаць энергетычную бяспеку, але і дазволяць эфектыўна выпрацоўваць цяпло і холад, што значна знізіць энергаёмістасць вытворчых працэсаў.

Трэцім - найбольш значным - аб'ектам стане новы цэх паўфабрыкатаў. У ім запланавана маштабная перапрацоўка ялавічыны і свініны ў прадукт, гатовы да ўжывання. У асартыменце будуць такія папулярныя пазіцыі, як стэйкі, нагетсы, гамбургерныя катлеты і мноства іншых мясных вырабаў, што дасць магчымасць задаволіць попыт спажыўцоў на якасць і зручнасць у прыгаванні.

Як адзначыла дырэктар прадпрыемства Таццяна Саўчанка, «мэты вельмі сур'ёзныя, амбіцыйныя. Задача кіраўніка - аператыўна выявіць «вузкія» месцы, перабудаваць вытворчы працэс так, каб іх прыбраць і ісці толькі наперад».

Інвестыцыйны праект забяспечыць павышэнне эфектыўнасці, павелічэнне магутнасцей, пашырэнне асартыменту. Увасабленне ў жыццё такой буйной ініцыятывы ўмацуе пазіцыі прадпрыемства на рынку, забяспечыць яго канкурэнтаздольнасць і ўстойлівае развіццё ў будучыні. Дарэчы, сёння Бабруйскі мясакамбінат налічвае каля 150 найменняў вырабаў. З лютага 2022-га вытворчасць прадукцыі вырасла ў 7 разоў.

- Прамысловая і прадуктовая бяспека - самае галоўнае, што ў нас ёсць. Мы ганарымся прадукцыяй, якую выпускаем, якой дастаткова і для беларусаў, і для жыхароў іншых краін. Тое, што мы робім цяпер па якасці і аб'ёмах, практычна не мае канкурэнцыі па рэалізацыі ў іншых рэгіёнах, - падкрэсліла Таццяна Саўчанка.

Прадукцыю Бабруйскага мясакамбіната горача любяць не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. У мінулым годзе 40% экспарту прадпрыемства склаў рынак Узбекістана, 30% - Расіі, па 15% - Казахстана і Кітая. Жыхары Паднябеснай аддаюць перавагу мясакосным паўфабрыкатам і мякаці мяса. Па словах Таццяны Саўчанкі, з вышэйпералічаных пазіцый атрымліваюцца вельмі цікавыя стравы. Вялікім попытам таксама карыстаюцца сыравяленыя і сыравэнджаныя вырабы, каўбаса «Доктарская» з рэцэптурай 1936-га года - без дабавак і фарбавальнікаў.

Па матэрыялах БЖ

Поделиться