Гэтую дату ў памяць аб тых, каго закранула праблема ВІЧ, штогод адзначаюць у многіх краінах свету 1 снежня.

Нагадаем, што гісторыя Сусветнага дня барацьбы са СНІДам бярэ пачатак у 1988 годзе. Менавіта тады Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) звярнула ўвагу сусветнай грамадскасці на праблему распаўсюджвання новага захворвання, паведамленне пра якое ў той час было падобнае да прысуду. 

Як адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя Беларусі, за мінулыя амаль тры дзесяцігоддзі ВІЧ перасталі лічыць смяротнай хваробай. Вірус сёння лічаць хранічным захворваннем, якое можна кантраляваць, таму што сучасныя лекі, хоць цалкам і не знішчаюць інфекцыю, але глушаць актыўнасць віруса. У выніку прымянення навуковых распрацовак медыцыне ўдалося дабіцца не толькі захавання працягласці жыцця людзей з ВІЧ-станоўчым статусам, але палепшыць яе якасць. 

Сусветны дзень барацьбы са СНІДам у 2024 г. пройдзе пад дэвізам «Права на здароўе - правільны шлях». Галоўная задача кампаніі - не толькі забяспечыць даступнасць якаснай медыцынскай дапамогі і лекаў, але права прымаць рашэнні аб сваім здароўі, а таксама паважліва ставіцца да людзей незалежна ад дыягназаў. 

У ведамстве адзначаюць, што ВІЧ-інфекцыя як пагроза грамадскай аховы здароўя павінна быць поўнасцю ліквідавана да 2030 года. Такую амбіцыйную задачу для розных краін свету паставілі 8 гадоў таму ў рамках Мэт Устойлівага Развіцця восем на 69-й сесіі Сусветнай асамблеі аховы здароўя.

- Рэалізацыя гэтай мэты дазволіць прадухіліць мільёны смерцяў з прычыны СНІДу, мільёны новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі і забяспечыць амаль 40 мільёнам людзей, якія жывуць з ВІЧ у цяперашні час, здаровае і паўнацэннае жыццё, - падкрэсліваюць у Міністэрстве аховы здароўя.

У аснове стратэгіі аб'яднанай праграмы ААН па ВІЧ/СНІДу «95-95-95» закладзены наступныя задачы: 

95% людзей з дыягназам ВІЧ павінны ведаць свой ВІЧ-статус;
95% людзей, якія ведаюць свой ВІЧ-статус, будуць атрымліваць лячэнне;
у 95% ВІЧ-пазітыўных пацыентаў лячэнне будзе эфектыўным, калі яны не будуць перадаваць інфекцыю іншым.

Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі ВІЧ-станоўчы статус маюць каля 26 тысяч чалавек. Прычым пераважна ВІЧ-інфекцыя распаўсюджваецца менавіта палавым шляхам - гэта каля 80% ад агульнай колькасці ўпершыню выяўленых выпадкаў. А найчасцей такі дыягназ ставяць людзям ва ўзросце ад 35 да 49 гадоў.

Дзяржава гарантуе такім пацыентам лячэнне незалежна ад стадыі хваробы і ўзроўню імунітэту. Для прафілактыкі распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі ў краіне створана сістэма бяспекі донарскай крыві і яе прэпаратаў, зведзена да мінімуму рызыка заражэння пры аказанні медыцынскай дапамогі і правядзенні немедыцынскіх маніпуляцый у спецустановах.

Беларусы маюць права добраахвотна праходзіць тэсціраванне на ВІЧ. Гэта можна зрабіць ананімна ў любой паліклініцы і арганізацыі аховы здароўя, абсталяваным працэдурным кабінетам. Аналіз можна зрабіць і ў дамашнiх умовах: для гэтага ў аптэках у продажы з'явіліся экспрэс-тэсты для саматэставання. Таксама насельніцтву даступна ананімнае кансультаванне па пытаннях ВІЧ-інфекцыі ў спецыялістаў гэтага профілю.

Асноўны ж акцэнт прафілактычных мерапрыемстваў накіраваны на фарміраванне культуры адказных адносін да ўласнага здароўя і захаванне вернасці свайму партнёру, падкрэслілі ў ведамстве.

 

Па матэрыялах БЖ

Поделиться