У снежні 2023 года Бабруйская гарадская дзіцячая бальніца адзначыла 60-гадовы юбілей. За гэтыя гады медыцынскую дапамогу атрымалі некалькі пакаленняў юных бабруйчан. Пасля капітальнай рэнавацыі ў 2020-м установа набыла абноўленае аблічча.
Унікальнасць гэтага месца і ў тым, што тут працуюць лепшыя дактары. Акрамя таго, дзіцячая бальніца аснашчана сучасным высокатэхналагічным абсталяваннем. Ва ўстанове тры педыятрычныя аддзяленні для дзяцей рознага ўзросту і аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі з выязной брыгадай. Усяго 150 койка-месцаў. Тут гатовы лячыць дзяцей не толькі з Бабруйска, але і з пяці бліжэйшых раёнаў – Бабруйскага, Асіповіцкага, Кіраўскага, Глускага, Клічаўскага. Прадстаўляем вытрымкі з інтэрв'ю з галоўным урачом бальніцы Паўлам Кавалёнкам, якое выйшла на тэлеканале «Бабруйск 360».

- Скажыце, Павел Паўлавіч, чаму вы вырашылі стаць урачом? Хто каго знайшоў: прафесія - вас ці Вы - прафесію?
- З сёмага класа я марыў быць урачом. Паступіў ва ўніверсітэт, хацеў стаць траўматолагам, хірургам - тым, хто працуе рукамі, але шэсць гадоў вучобы ўнеслі свае карэктывы. Я перагледзеў гэта і вырашыў стаць усё ж анестэзіёлагам-рэаніматолагам. Ніколі не думаў, што буду працаваць з дзецьмі. Але лёс у асобе Дзяржаўнага камітэта па размеркаванні маладых спецыялістаў унёс свае папраўкі - мне прапанавалі быць дзіцячым анестэзіёлагам-рэаніматолагам у Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы. З таго часу я працую з дзецьмі. І зараз не прамяняю гэту работу на нешта іншае.
- А як вы патрапілі ў Бабруйск?
- Таксама справа выпадку. Я працаваў у абласным цэнтры і планаваў там працягваць сваю прафесійную дзейнасць. Але мне прапанавалі прыўнесці новыя павевы ў работу дзіцячай службы Бабруйска. Я згадзіўся і ў 2020 годзе ўзначаліў Бабруйскую гарадскую дзіцячую бальніцу.
- Якія былі першыя ўражанні ад бальніцы і горада?
- Ад бальніцы, вядома, супярэчлівыя ўражанні былі. Бо, калі працаваў у Магілёве, прыязджаў у Бабруйск на кансультацыі і бачыў, якая бальніца была да рэканструкцыі. А калі ўступіў на пасаду галоўнага ўрача, уразіўся таму, якой яна стала: новыя сцены, абсталяванне, карціны... Стала прыгожа, утульна, цёпла, светла, свежа. Гэта ўносіць у работу спецыялістаў пазітыў.

- Скажыце, як плануецца ваш працоўны дзень?
- Працоўны дзень у мяне заўсёды па плане. Ва ўсіх ёсць свае руцінныя моманты. Першы - гэта, вядома ж, планёрка з загадчыкамі аддзяленняў, урачамі, дзяжурнай зменай. Важна даведацца, што адбылося за ноч, як мы справіліся з задачамі, якія былі пастаўлены ўчора, і паставіць задачы на сёння. Самае галоўнае, асноўнае - даць накірунак. Калі гэтыя задачы вырашаюцца, і работа ідзе нармальным ходам.
- З якімі захворваннямі ляжаць у бальніцы сёння маленькія пацыенты?
- Для мяне маленькія пацыенты - ад нуля да васямнаццаці. Наш стацыянар абслугоўвае ўвесь Бабруйск і пяць прылеглых раёнаў. Таму мы можам сказаць, што ў большасці выпадкаў, вядома, з надыходам восені, пахаладання пераважаюць рэспіраторныя захворванні, якія ўскладнены пнеўманіямі. І больш за 60% пацыентаў, якія знаходзяцца на дадзены момант у бальніцы, - пацыенты з пнеўманіямі.

- Ці неабходна рабіць прышчэпкі дзецям?
- Канешне. Дзеці хварэюць многа і часта. І вакцынацыя з'яўляецца адной з самых надзейных мер для прафілактыкі грыпу. Дарослыя вірус могуць перанесці лягчэй, чым дзеці. А апошнія хварэюць з ускладненнямі. У асноўным гэта пнеўманія. І калі ёсць вірус грыпу плюс пнеўманія – намнога цяжэй усё працякае. Часам бацькі не хочуць вакцынаваць дзяцей. Дзіця знаходзіцца ў нейкай замкнёнай прасторы. Яго нічога не датычыцца. Насамрэч гэта не так. Дзеці знаходзяцца ў калектывах. Гэта дзіцячыя сады, школы, універсітэты, каледжы. Там заўсёды ёсць вялікая рызыка захварэць. Грып хутка распаўсюджваецца. Гэта самы хутка муціруючы вірус у свеце. І захварэць ім вельмі проста. А вакцынацыя дае нам больш за 80% упэўненасці, што мы не захварэем ці, нават калі гэта здарыцца, працякаць захворванне будзе намнога лягчэй.
- Якімі якасцямі павінен валодаць дзіцячы доктар?
- Наогул усе ўрачы - і «дарослыя», і дзіцячыя - павінны валодаць мноствам якасцей. Гэта дабрыня, упартасць, свядомыя дзеянні, спачуванне, эмпатыя. Калі ўрач працуе з дзіцём, ён адчувае аддачу ад яго. У дзяцей, як правіла, бываюць вострыя паталогіі. Калі мы пачынаем іх лячыць, у іх з'яўляецца ўсмешка, больш бляску ў вачах становіцца. І гэта ўсё, можна сказаць, часам па гадзінах бачна. Гэта значыць дзень-два - і дзіця ўжо расцвітае. Гэта вялікія эмацыянальныя плюсы.
- Раскажыце, калі ласка, аб новым абсталяванні і метадах лячэння ў вашай установе.
- Пасля рэканструкцыі ў нас з'явілася новая медтэхніка - гукавая дыягностыка, лор-абсталяванне. Гэта новыя функцыянальныя ложкі, лабараторнае абсталяванне, якое дазваляе рабіць аналізы шырокага спектра. І калі мы нават чагосьці не зможам зрабіць, напрыклад, то праблем тут няма. Бо мы працуем у звязцы з іншымі стацыянарамі Бабруйска, Магілёва і Мінска.

- У дзіцячай гарадской бальніцы працуюць масцітыя ўрачы і моладзь. Як ідзе перадача вопыту?
- Паміж імі ёсць узаемадзеянне. Калі да нас прыходзіць малады спецыяліст, мы прызначаем кіраўніка - спецыяліста, які можа перадаць свой вопыт, паказаць, што правільна, а што не. Навясці на правільную думку, гэта значыць навучыць. Гэта настаўнік. Хаця ў маладога спецыяліста ўжо ёсць вялікі багаж ведаў пасля ўніверсітэта, толькі практыка можа навучыць пэўным момантам. Вось для гэтага і існуе настаўніцтва.
- І хто гэтыя аксакалы?
- У асноўным, вядома, загадчыкі аддзяленняў. Гэта вопытныя ўрачы, якія даўно працуюць (20-30 гадоў) у структуры, маюць вялікі вопыт, карыстаюцца аўтарытэтам у насельніцтва горада. І гэтыя людзі перадаюць маладым спецыялістам усе свае веды. Моладзь застаецца. Канешне, хочацца заўсёды, каб прыйшлі 10 чалавек і 10 засталіся. Але жыццё таксама цячэ: нехта выходзіць замуж, у кагосьці сямейныя абставіны, нехта пераязджае ў іншы горад, а хтосьціідзе ў дэкрэтны водпуск. Гэта святое, і мы толькі радуемся гэтаму, таму што дэмаграфія - патрэбная рэч. І дэмаграфічныя паказчыкі павінны расці, расці і расці.
- Скажыце, навучальны працэс не спыняецца?
- Вядома ж, не. Да нас у стацыянар прыходзяць настаўнікі, праводзяць урокі. Гэта значыць, можна сказаць, школа пераносіцца ў наш стацыянар. Дзеці робяць дамашнія заданні, атрымліваюць адзнакі і вучацца. Такім чынам яны не прапускаюць вялікі пласт заняткаў. Сярэдняе знаходжанне ў нас, напрыклад, да 7 дзён. Гэта значыць, у любым выпадку, калі дзіця прапусціць столькі часу ў школе, яно, вядома ж, страціць нейкі ўзровень. Таму мы ўсе стараемся, каб дзеці заўсёды атрымлівалі веды. І практыка таксама павінна прысутнічаць. Калі ёсць і практыка, і тэорыя, тады і атрымліваецца вынік.
- Якія яркія або важныя вынікі дзейнасці сёння могуць характарызаваць установу, якую вы ўзначальваеце?
- На сённяшні дзень у нас менш дзяцей, якія маглі 10, 15, 20 гадоў таму, калі не было новых методык, напрыклад, стаць інвалідамі. На дадзеным этапе гэты працэнт намнога ніжэйшы. Гэта значыць, з развіццём медыцыны інвалідызацыя зніжаецца.
- Што трэба, каб дзіця вырасла здаровым?
- Любіць яго. Калі бацькі любяць дзіця, клапоцяцца пра яго, выхоўваюць яго, яно вырастае не толькі здаровым, але і добрым членам грамадства. Але гіперапекі быць не павінна.
- Пра што Вы марыце?
- Мару аб тым, каб дзеці не хварэлі наогул.
Па матэрыялах тэлеканала «Бабруйск 360»