У Палацы мастацтваў прайшоў V гарадскі конкурс тэатральнага мастацтва «У святле сафітаў Бабруйск», прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Арганізатары - аддзел культуры гарвыканкама і Палац мастацтваў. У гэтым годзе 27 удзельнікаў – дзіцячыя і дарослыя калектывы (дарэчы, упершыню прыехалі рабяты з Магілёва) – прадставілі ў розных жанрах спектаклі, літаратурна-мастацкія кампазіцыі, пластычныя мініяцюры і пантаміму. Захопленыя тэатрам і мастацтвам таленавітыя людзі займаюцца ў аб'яднаннях па інтарэсах, тэатральных студыях і калектывах мастацкай самадзейнасці. На сцэне праяўляюцца іх акцёрскія здольнасці, натхненне, выразнасць і прыгажосць створаных вобразаў.

Два дні журы ацэньвала конкурсныя творчыя работы. 7 лютага прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання ўдзельнікаў і пераможцаў. Дыпломы па намінацыях уручалі члены журы. Вядучы спецыяліст Першамайскай раённай арганізацыі Бабруйска РГА «Белая Русь» Вераніка Кляцова шчыра падзякавала ўдзельнікам конкурсу за цудоўныя выступленні.

- Дзякуй вялікі кожнаму, хто быў на гэтай цудоўнай сцэне, столькі ўклаў працы і сіл, выклікаў буры эмоцый у гледачоў, - далучылася да ўдзячных слоў старшыня Бабруйскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Алена Чабатарова. - За гэтым стаяць штодзённая праца і ўпартасць. Жадаю, каб натхненне ніколі не пакідала вас, каб магчымасці вашы былі бязмежнымі. Няхай вас ведаюць і шануюць, а наперадзе будзе шмат перамог! Усяго самага добрага!

Актрыса і рэжысёр тэатра Кацярына Бацюня з веданнем справы адзначыла, што тварыць на сцэне складана і адказна: «І я рада, што ў нас у горадзе так шмат цудоўных, таленавітых зорак, якія гараць так ярка. Не спыняйцеся на дасягнутым. Самых вялікіх вышынь вам!»

Гран-пры V гарадскога конкурсу тэатральнага мастацтва «У святле сафітаў Бабруйск» заваяваў узорны тэатральны калектыў «На БІС!» Дзіцячай школы мастацтваў №1 ім. Я.К. Цікоцкага са спектаклем на беларускай мове «З векавых глыбінь».

– Мы паказалі глыбокую гістарычную тэму, спектакль пра нашу заступніцу, апякунку Еўфрасінню Полацкую. Пагрузілі гледача ў XI стагоддзе, калі на полацкіх землях была народжана Прадслава. Паказалі яе дзяцінства, юнацтва і сталыя гады, калі яна сышла ў манастыр павучаць дзяцей, народ, заклікаць іх чытаць больш кніг і вызнаваць хрысціянскую веру, - распавяла кіраўнік калектыва «На БІС!» Алеся Манько. – Для рабят складаная тэма, але яны аднагалосна выбралі паставіць гістарычны спектакль, ім гэта цікава. Каб увасобіць ідэйную задуму, мы вывучылі шмат гістарычных фактаў, радавод Еўфрасінні Полацкай, глядзелі дакументальныя перадачы пра ўзнікненне Полацкага княства. На сцэне гучала жывая сярэднявечная беларуская музыка (дуда, лютня), прадстаўлены беларускія танцы і каларыт касцюмаў.

Над спектаклем была праведзена вялікая работа. Вельмі рады ўсім калектывам, што гэта па заслугах было ацэнена журы. Любім сваю тэатральную творчасць і будзем далей тварыць. Мы павінны ведаць сваю гісторыю, не забывацца на свае карані, перадаваць праз пакаленні духоўна-маральныя каштоўнасці і вучыць гэтаму нашых дзяцей. 

Загадчык метадычнага аддзела Палаца мастацтваў Наталля Чорная падкрэсліла: «Арганізатары пастараліся стварыць умовы, каб усім было камфортна выступаць. Прыемна, што конкурс працягвае развівацца, выходзіць на новы ўзровень, прываблівае больш удзельнікаў».

Інфармацыя! Юная ўдзельніца конкурсу Таццяна Мінаева, якая заваявала дыплом I ступені, выступала з вершам «Чужая памяць»: «Гэта паэтычныя радкі ўспамінаў пра вайну, што такія боль і пакуты не павінны больш паўтарыцца. Я проста душэўна яго расказала, таму што мне спадабаўся верш і яго словы засталіся ў маёй душы».

Дыпломамі I ступені ўзнагароджаны:

У намінацыі «Лепшае выкананне ў жанры «Мастацкае слова» – Таццяна Мінаева, аб'яднанне па інтарэсах «Юны вядучы» Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска (сярод дзяцей), Марыя Шумілава, тэатральная студыя Палаца мастацтваў (сярод моладзі), Ганна Дамброўская, народны тэатр «Новы дарослы»

У намінацыі «Лепшае выкананне ў жанры «Пантаміма і пластыка» – Максім Рагоўскі, Бабруйская спецыяльная школа-інтэрнат.

У намінацыі «Тэатр ценяў» – тэатр ценяў “Прадвесне», СШ №34.

У намінацыі «Тэатр малых форм» - тэатральная майстэрня «Пазітыў», Бабруйская гарадская арганізацыя ГА «Беларускае таварыства інвалідаў».

У намінацыі «Монаспектакль» – Эльза Рынгхафен.

У намінацыі «Лепшы спектакль» - народны тэатр «Новая эра» Палаца мастацтваў.

У намінацыі «Лепшая жаночая роля» - Эльза Рынгхафен.

У намінацыі «Лепшая мужчынская роля» – Максім Рагоўскі, Бабруйская спецыяльная школа-інтэрнат.

У намінацыі «За волю да перамогі» – Ніна Паўлава, дзіцячая тэатральная студыя «Тэрыторыя творчасці» (Магілёў).

Усім удзельнікам конкурсу творчых ідэй, новых перамог і ўдзячных гледачоў!

Маргарыта Бушуева, фота Віктара Шэйкіна

Па матэрыялах БЖ

Поделиться