Палац мастацтваў прымаў найлепшых прыгажунь горада на Бярэзіне. 16 дзяўчат вырашылі паспрачацца за выхад у фінал конкурсу і брыльянтавую карону «Міс Беларусь». Удзельніцы прыехалі на рэгіянальны этап адбору не толькі з Бабруйска, але і бліжэйшых раёнаў, аграгарадкоў, вёсачак. Многія - гэта маладыя спецыялісты, якія прыбылі ў Бабруйск на адпрацоўку. Кожная дзяўчына заслугоўвала звання каралевы прыгажосці, кожная захапляла і здзіўляла сваімі талентамі.
Ужо даўно няма стэрэатыпу, што конкурс прыгажосці - гэта толькі знешнасць, прыгожая карцінка і больш нічога. Наадварот, гэта цудоўная магчымасць паказаць, што прывабная знешнасць і багаты ўнутраны свет могуць спалучацца ў адным чалавеку. Гэта трэба падкрэсліваць, не саромецца аб гэтым казаць. Сярод канкурсантак у Бабруйску разумныя, адукаваныя і толькі дастойныя дзяўчаты. Веданне замежных моў, ігра на гітары, юрыспрудэнцыя, народныя танцы, маляванне, спевы, вядзенне асабістых блогаў - невялікі спіс захапленняў удзельніц.
Па агульнапрынятых правілах на кастынг трэба прыходзіць у стылі total black, гэта значыць ва ўсім чорным і на абцасах. З сабой павінна быць заколка для валасоў, на твары - мінімальная колькасць касметыкі. Сапраўдную прыгажосць не трэба хаваць за макіяжам і аб'ёмным світэрам. Трэба адзначыць, што амаль усе дзяўчыны прыйшлі падрыхтаванымі па ўсіх правілах.
Міс, якія прэтэндуюць на карону, не павінны мець пірсінгу, дзяцей і штампа аб замужжы ў пашпарце. Адбор па росце стартаваў са 172 сантыметраў. Спіс фіналістак таксама абавязкова дапоўніцца тымі, каму да 27 гадоў. Рост і ўзрост - толькі малая частка таго, чым павінна валодаць будучая каралева прыгажосці.
«Я буду шчаслівая, калі атрымаецца прайсці ў фінал»; «Я глядзела па тэлевізары шоу, захацелася прыняць у гэтым удзел і самой»; «Тата марыў, каб я ўдзельнічала ў «Міс Беларусь». Вырашылася літаральна некалькі дзён таму»; «Гэты тытул зробіць мяне больш упэўненай»… – такія адказы на пытанні журы аб мэце ўдзелу ў конкурсе гучалі ад канкурсантак. Калі прасілі праспяваць - спявалі, калі станцаваць - танчылі. Бачна было і агеньчык у вачах, і жаданне перамагаць.
Вядучы карэспандэнт тэлеканала «Бабруйск 360», малады спецыяліст Лізавета Лепеева не змагла прайсці міма ўдзелу ў кастынгу «Міс Беларусь», чым прыемна здзівіла сваіх калег па цэху. Мы шчыра жадаем ёй ззяць у эфіры нацыянальнага конкурсу прыгажосці.
Дададзім, што рэгіянальны этап прайшлі ўсе 16 удзельніц, наперадзе - абласны кастынг і рэспубліканскі адбор.
Па матэрыялах «БЖ»