Перад адкрыццём IX Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча прайшла прэс-канферэнцыя. У ёй прынялі ўдзел: Міхаіл Кавальчык - заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі, галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра; Наталля Драздова - мастацкі кіраўнік і актрыса Тальяцінскага драматычнага тэатра «Кола» імя Глеба Драздова; Алег Сцельмашок - намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама; Вераніка Ярмалінская - старшыня грамадскага аб'яднання «Беларускі Саюз тэатральных дзеячаў», старшыня журы фестывалю; Уладзімір Кніга - намеснік старшыні Бабруйскага гарвыканкама; Вадзім Шчэрбіч - начальнік аддзела культуры Бабруйскага гарвыканкама; Аксана Саттарава - намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча.

– Мы рады вітаць удзельнікаў фестывалю на Бабруйскай зямлі. Сімвалічна, што фестываль прымае наш горад, бо Бабруйскі раён - радзіма гэтага вялікага майстра. Бабруйск славіцца сваімі культурнымі традыцыямі і духоўнай спадчынай. Я ўпэўнены, што фэст пройдзе на добрай ноце, а спектаклі - з поўнымі заламі. Я на свае вочы бачыў чаргу за білетамі, а гэта гаворыць аб тым, што фестываль карыстаецца поспехам. Жадаю ўдзельнікам новых творчых перамог, а фестывалю - доўгага жыцця, - пажадаў Уладзімір Кніга. 

Як адзначыла Вераніка Ярмалінская, фестывальны рух Беларусі - гэта інавацыйны патэнцыял нашай краіны і культуры. Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі ім. В.І. Дуніна-Марцінкевіча - унікальная культурная з'ява, бо ў яе ўцягваюцца не толькі дзеячы мастацтва, але і глядач.

- Фестываль даступны шырокаму колу людзей, таму што ўсе мерапрыемствы адкрытыя - спектаклі, сустрэчы, майстар - класы, творчая лабараторыя. Гэта паднімае на больш высокі ўзровень сам горад. Бабруйск - культурная сталіца. І кожны фестываль - гэта асаблівая старонка гісторыі нашага тэатральнага мастацтва , - падкрэсліла старшыня журы.

Нагадаем, у конкурснай праграме фестывалю заяўлена 11 спектакляў, сем з якіх з'яўляюцца сёлетнімі прэм'ерамі. Яны створаны паводле твораў класікаў і сучаснікаў у выкананні прафесійных тэатраў з Мінска, Бабруйска, Пінска, Гомеля, Віцебска і Магілёва. Традыцыйнай часткай праграмы фестывалю стане праца творчай лабараторыі, якая атрымала назву «Святло майстра». У гэтым годзе яна будзе прысвечана памяці Аляксея Дударава.  Маладыя беларускія рэжысёры прадэманструюць сваё бачанне тэатральных кампазіцый паводле п'ес сусветна вядомага беларускага драматурга, творчы шлях і дасягненні якога з'яўляюцца прыкладам для будучых пакаленняў.

Людміла Любімцава
Фота Аляксандра Анташкевіча

Па матэрыялах БЖ

Поделиться