Старшыня Бабруйскага гарвыканкама Ігар Кісель 24 снежня выслухаў гараджан, якія звярнуліся да яго на прыём. Ігар Мікалаевіч і спецыялісты гарадскіх службаў унікалі ў праблемныя і жыццёвыя пытанні бабруйчан, разам шукалі рашэнні і прапаноўвалі варыянты далейшага развіцця сітуацыі.

Адна з заяўніц прасіла прыняць меры па пытанні ацяплення - у яе кватэры нізкая тэмпература. Іншая жанчына звярнулася з нагоды правядзення электрычнасці на дачны ўчастак на вуліцы Энергетыкаў у СТ «Праца».

Актывісты грамадскай арганізацыі па абароне жывёл «Дабрадзейнасць» прыйшлі з прапановай усталяваць на дваровых тэрыторыях домікі для катоў. Дарэчы, у Бабруйску ўжо ёсць такая практыка: невялікія ўцепленыя домікі дапамагаюць бяздомным жывёлам перажыць халады і дажджы, а пухнатыя чатырохлапыя ў сваю чаргу не дапусцяць разгулу грызуноў. Зоаабаронцы прапанавалі таксама ініцыятыву па арганізацыі пляцовак для выгулу сабак.
На прыёме яшчэ гучалі пытанні па раздзяленні зямельнага ўчастка, спагнанні запазычанасці за выкананыя работы. Кіраўніцтва і гарадскія службы імкнуцца аператыўна адрэагаваць, каб дапамагчы чалавеку, які звярнуўся, і зрабіць жыццё ў нашым горадзе больш камфортным.
Маргарыта Бушуева, фота Аляксандра Анташкевіча
Па матэрыялах БЖ