Працягваюцца сустрэчы кіраўніцтва горада з насельніцтвам. 26 лістапада сярэдняя школа №35 ім. П.І. Батава стала пляцоўкай для размовы старшыні Бабруйскага гарвыканкама Ігара Кісяля з жыхарамі маладых мікрараёнаў. У дыялогу ўдзельнічалі і прадстаўнікі гарадской жыллёва-камунальнай службы.

Сярод тэм, якія хвалявалi людзей - уборка пад'ездаў і дваровых тэрыторый, асвятленне на некаторых участках, выдаленне таполяў (лічацца інвазіўнымі раслінамі). Жыхары звярнулі ўвагу на «народныя сцежкі», якія пратоптваюць у абыход зробленым тратуарам, каб скараціць шлях. Праблемы з ліўневай каналізацыяй каля пад'езда аднаго з дамоў і няякаснае дарожнае пакрыццё абяцалі выправіць у наступным годзе. Шматдзетная маці звярнулася наконт праблемы з ацяпленнем у кватэры. Спецыялістам дадзена даручэнне ўжо заўтра выехаць на месца, каб разабрацца і ўстараніць недахопы. 

Частку пытанняў растлумачылі падчас размовы, а тыя, што патрабуюць вывучэння ўзяты на кантроль.

- Падобныя сустрэчы з бабруйчанамі сталі ўжо традыцыяй. Гэта добрая магчымасць для жыхароў задаць пытанне непасрэдна кіраўніцтву дзяржаўных органаў і атрымаць адказ. Гараджане абазначаюць актуальныя пытанні, якія неабходна ўзяць на кантроль. І гэта дапамагае рабіць наш Бабруйск лепшым і больш камфортным, – адзначыла начальнік упраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб гарвыканкама Наталля Ламака.

Фота Аляксандра Анташкевіча

Па матэрыялах БЖ

Поделиться