Навагодняя казка і добрыя чараўнікі зазірнулі да выхаванцаў Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Бабруйска. Старшыня гарвыканкама Ігар Кісель, начальнік упраўлення па адукацыі гарвыканкама Алена Лісіца, дырэктар ААТ «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў» Уладзімір Кісель, прадстаўнікі калектываў «ФанДАКа», гарбарнага камбіната, «Водаканала» прыйшлі на свята з віншаваннямі і падарункамі.

- Мы хацелі часцінку цяпла нашых сэрцаў перадаць дзеткам, пажадаць ім радасці, усмешак, здароўя. Мы, дарослыя, імкнёмся ўсё для гэтага зрабіць. Выхавацелям - цярпення. Я ведаю, што вы любіце сваіх выхаванцаў. Усяго добрага ў надыходзячым годзе! - пажадаў Ігар Мікалаевіч.
- Вы цудоўныя людзі, якія ўмеюць пераадольваць цяжкасці, падтрымаць адзін аднаго ў няпростыя моманты. Мы па-сапраўднаму ганарымся, што з'яўляемся часткай вашага жыцця, - адзначыў Уладзімір Кісель. - У Новы год хочацца пажадаць, каб усе вашы мары спраўдзіліся, каб кожнае імгненне было напоўнена цяплом, любоўю і клопатам.
Ганаровыя госці навагодняга мерапрыемтсва ўручылі падарункі - сертыфікат на набыццё камп'ютарнай тэхнікі, рэабілітацыйнае абсталяванне, веласіпедны трэнажор, прысмакі.

Цудоўнае святочнае прадстаўленне каля ёлкі падрыхтавалі навучэнцы гімназіі-каледжа мастацтваў. Любімыя героі мультфільмаў, лясныя казачныя насельнікі і звяркі разам шукалі ключ ад чарадзейных гадзін-курантаў, без якіх Новы год не наступіць. Пераадолець перашкоды на шляху кацянятам Карамельцы і Кампоту дапамагала разумная калонка Аліса. Выхаванцы, іх бацькі і педагогі Цэнтра таксама не засталіся ў баку ад вясёлай прыгоды - адгадвалі загадкі і танчылі. Сяброўства і цеплыня дзіцячых сэрцаў перамаглі злыя чары, і запаветны ключык знайшоўся пад адной з фігурак Бабра ў любімым горадзе.
З Дзедам Марозам і Снягуркай удзельнікі і госці закружыліся ў навагоднім карагодзе вакол прыбранай ёлкі. Радасць на тварах, дзіцячы смех і вера ў цуды - галоўная падзяка за падоранае свята.
Дырэктар Цэнтра Іна Садоўская ад усёй душы выказала падзяку за ўвагу і падтрымку сябрам, якія на працягу многіх гадоў дапамагаюць дзецям: «Усе мерапрыемствы праходзяць з удзелам гімназіі-каледжа мастацтваў. Гукі музыкі, танцавальныя рухі вельмі пазітыўна і дабратворна ўплываюць на развіццё нашых выхаванцаў. Навучэнцы каледжа займаюцца харэаграфіяй і адаптуюць яе пад нашых дзяцей. Мы працуем у дружнай кампаніі. Дзякуй вялікі калектыву завода ТДіА - нашым нязменным шэфам. Яны не толькі дораць заботу і падарункі, але і робяць наш дом (як мы называем Цэнтр) больш утульным і светлым. Мы заўсёды рады гасцям. Да нас прыходзяць самыя шчырыя і добрыя людзі нашага горада».













Па матэрыялах БЖ