У Бабруйску прайшло шэсце Дзядоў Марозаў і Снягурак. Да святочнага мерапрыемства далучыліся кіраўніцтва горада, прадстаўнікі працоўных калектываў, творчыя аб'яднанні, арганізацыі і прадпрыемствы.
Шэсце казачных персанажаў пачалося ў 17.30 ад тэатра драмы і камедыі ім. В.І. Дуніна-Марцінкевіча. Дружна і весела яго ўдзельнікі прайшлі па вуліцы Сацыялістычнай, а пасля павярнулі на плошчу Леніна, дзе гараджан ужо чакала канцэртная праграма «Запальвай, не адставай, Новы год сустракай!».
Сапраўднае свята чакала бабруйчан на канцэртнай пляцоўцы: пасля ўрачыстага падвядзення вынікаў і дасягненняў адыходзячага года Дзед Мароз і Снягурка запалілі калядныя і навагоднія агні на галоўнай гарадской ёлцы.
Шэсце казачных персанажаў - адно з самых яркіх і любімых жыхарамі Бабруйска мерапрыемстваў. Напярэдадні Калядаў і Новага года яно зараджае добрым настроем і задае тон усёй наступнай святочнай праграме. Усе ўдзельнікі і гледачы павесяліліся ад душы, а адчуванне чараўніцтва і стварэнне навагодняй атмасферы залежаць ад кожнага з нас.
Аляксей Слабко. Фота Аляксандра Анташкевіча, Віктара Чабана
Па матэрыялах БЖ