З пытаннямі ЖКГ і рамонту праезнай часткі гараджане звярнуліся на прыём да старшыні Бабруйскага гарвыканкама Ігара Кісяля 22 студзеня. Мэр надаў увагу праблеме кожнага заяўніка, пастараўся разабрацца і прапанаваць варыянты рашэння.

Пажылая жанчына расказала, што ў яе аднапакаёвай кватэры ледзь цёплыя батарэі. Спецыялісты ЖКГ ужо праводзілі замеры ў памяшканні: паводле іх інфармацыі, тэмпература ў пакоі +22 градусы. Але бабруйчанка настойвае, што халаднавата і даводзіцца заўсёды хадзіць дома ў цёплым адзенні.

Другі зварот на прыём таксама датычыўся пытання ацяплення ў дзвюх кватэрах. Жыхары паскардзіліся, што радыятары грэюць толькі на кухні, а ў пакоях назіраюцца перабоі з падачай цяпла. Ігар Мікалаевіч даў заданне работнікам ЖКГ зрабіць узмоцненае прамыванне сістэмы ў доме, калі скончыцца ацяпляльны сезон. Па даручэнні старшыні дырэктар ЖРЭУ Ленінскага раёна Уладзімір Арэх пасля прыёму пабывае ў гэтых кватэрах і паглядзіць на месцы, як зараз аператыўна можна дапамагчы людзям.

Наступны зварот паступіў наконт праблем з каналізацыяй у інтэрнаце на вуліцы Глускай. Кіраўніцтва ведае праблемныя пытанні гэтага памяшкання, перыядычна там выконваюцца неабходныя рамонтныя работы, але агульны нездавальняючы стан памяшкання патрабуе вялікіх фінансавых выдаткаў. Ігар Кісель даручыў вырашаць пытанне з каналізацыяй у рамках бягучага рамонту сумесна з ПЖБК, які размешчаны ў адным будынку з інтэрнатам. «Я вельмі буду ўдзячная, калі Вы нам дапаможаце»- сказала заяўніца.

Жыхар прыватнага сектара з вуліцы Міру незадаволены, што даводзіцца прыбіраць лісце суседскага дрэва, якое знаходзіцца на мяжы зямельных участкаў. Іншыя суседзі зграбаюць апалае лісце, але ўзнікае яшчэ пытанне наконт іх вывазу. Спілаваць дуб нельга - занесены ў Чырвоную кнігу. Кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Марына Згорская паведаміла, што ўласніку ўчастка, дзе расце дуб, выпісана прадпісанне аб уборцы лістоты. Па заканадаўстве жыхары прыватнага сектара павінны падтрымліваць парадак і прыбіраць прылеглую да дома тэрыторыю (скошваць траву, падмятаць смецце, чысціць снег) ад свайго плота да тратуара (або праезнай часткі), а вываз смецця - платная паслуга. Бабруйчаніна таксама цікавіла пытанне рамонту ўчастка дарогі ўздоўж прыватнага сектара. На прыёме паабяцалі сёлета зрабіць ямачны рамонт гэтай праезнай часткі.

На асабістых прыёмах пытанні і звароты грамадзян тлумачацца, бяруцца на кантроль і рашаюцца ў рамках заканадаўства.

Маргарыта Бушуева, фота Аляксандра Анташкевіча

Па матэрыялах БЖ

Поделиться