Пагрузчык выпадкова наязджае на работніка, які праходзіў ззаду транспарта. Бервяно пры разгрузцы з кузава грузавіка падае на ногі грузчыку. Чалавек ляціць з вышыні з-за дрэнна замацаванай лесвіцы. Адна секунда аддзяляе здаровага работніка ад траўміравання і зламанага лёсу.

Уражлівыя і страшныя кадры, зафіксаваныя камерамі відэаназірання, з рэальнымі няшчаснымі выпадкамі ў вытворчым цэху, на будаўнічай пляцоўцы, у магазіне... Ролік паказалі ўдзельнікам пасяджэння Бабруйскага гарвыканкама 21 сакавіка, а на парадку дня - пытанне аб стане вытворчага траўматызму і рабоце па ахове працы у арганізацыях Бабруйска за 2024 год.

Перш чым разглядаць негатыўныя факты, узнагародзілі найлепшыя арганізацыі, дзе з высокай адказнасцю клапоцяцца аб стварэнні бяспечных умоў для работы калектыву. Па выніках агляду-конкурсу па ахове працы ў вытворчай сферы адзначылі ААТ «УКБ «Бабруйскаграмаш» (1-е месца), філіял «Бабруйскае вытворчае ўпраўленне» РУП «Магілёўаблгаз» (2-е месца), ТАА «Бабруйскгазбуд» (3-е месца). У невытворчай сферы на належным узроўні Бабруйская цэнтральная бальніца (1-е месца), Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (2-е месца), гандлёва-эканамічны каледж (3-е месца).

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарвыканкама Сяргей Паўленка праінфармаваў, што ў 2024 годзе траўміраваны на вытворчасці 41 работнік (у 2023-м - 42), з іх 2 - са смяротным зыходам. З пацярпелых на вытворчасці 6 жанчын і 35 мужчын. Колькасць няшчасных выпадкаў з цяжкім зыходам павялічылася з 7 да 14, з лёгкім - зменшылася з 33 да 25.

Зарэгістравана 2 выпадкі траўміравання, калі работнік знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення. Часцей за ўсё вытворчы траўматызм фіксуецца ў прамысловай сферы.  Найбольшая колькасць - 6 выпадкаў - адбылася ў Папраўчай калоніі №2 Бабруйска. У дакладзе адзначана, што ў ААТ «Белшына», якое лідзіруе па няшчасных выпадках у 2023 годзе, сітуацыя значна палепшылася ў выніку прынятых мер.

Кожны выпадак, прычыны і ўмовы, якія спрыяюць гэтаму, аналізуюцца і разглядаюцца на пасяджэнні па прафілактыцы вытворчага траўматызму пры Бабруйскім гарвыканкаме. На пастаянным кантролі знаходзіцца пытанне ўкамплектавання спецыялістамі па ахове працы ў арганізацыях, працуюць і грамадскія інспектары на прадпрыемствах. Кіраўнікі і спецыялісты праходзяць праверку ведаў па ахове працы, праводзяцца навучальныя семінары, дні і дэкады аховы працы, выставы сродкаў індывідуальнай абароны.

Прычыны вытворчага траўматызму - парушэнне пацярпелым патрабаванняў лакальных актаў па ахове працы (больш за 42 працэнты), асабістая неасцярожнасць пацярпелага (каля 26 працэнтаў), парушэнне іншым работнікам патрабаванняў лакальных актаў па ахове працы (2,4 працэнта). У 5 выпадках прычынай з'явілася віна наймальніка. Па матэрыялах расследавання да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 26 вінаватых асоб, 2 - да адміністрацыйнай.

Для аказання практычнай і метадычнай дапамогі прадпрыемствам і арганізацыям у забеспячэнні выканання заканадаўства па ахове працы працуюць мабільныя групы, якімі за мінулы год праведзена 462 абследаванні, выяўлена без малога 2,5 тысячы парушэнняў. На пасяджэнні звярнулі ўвагу: мабільныя групы - памочнікі кіраўнікоў, іх асноўная мэта - выявіць і даць рэкамендацыі па ўстараненню недахопаў.

Начальнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Сяргей Жыгуноў выказаў меркаванне: калі кіраўнікі арганізацый будуць мэтанакіравана займацца пытаннямі аховы працы, дысцыпліны, то і няшчасных выпадкаў на прадпрыемстве не будзе. Задача для ўсіх - істотна знізіць вытворчы траўматызм.

У ходзе абмеркавання тэмы старшыня гарвыканкама Ігар Кісель даў даручэнне па выніках работы мабільных груп падрыхтаваць чэк-лісты тыповых парушэнняў, а для прыкладу разаслаць на кожнае прадпрыемства відэаролік, паказаны на пасяджэнні.

Дарэчы, па выніках рэспубліканскага агляду-конкурсу «Лепшае інфармацыйнае забеспячэнне аховы працы» сярод мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў Бабруйскі гарвыканкам заняў прызавое месца.

- Кожны чалавек важны, бо за кожным жыццём стаяць сям'я, блізкія, радныя, сябры. Надайце асаблівую ўвагу пытанням забеспячэння бяспекі на рабочых месцах, выкананню патрабаванняў аховы працы, правядзенню інструктажоў, перападрыхтоўцы і павышэнню кваліфікацыі работнікаў, - нагадаў усім Сяргей Паўленка.

Маргарыта Бушуева, фота Аляксандра Анташкевіча, bobrlife.by

Поделиться